Заўтра ў Мар’інай Горцы адбудзецца фестываль «Напеў зямлі маёй»
Фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй” — адна з самых адметных падзей у культурным жыцці Міншчыны. “Напеў зямлі маёй” цікавы ў прафесійным плане як для кіраўнікоў творчых калектываў, так і для артыстаў-аматараў. Асноўная яго ідэя — раскрыць багацце, разнастайнасць і хараство жанраў у самабытнай рэгіянальнай афарбоўцы.
Па традыцыі вялікая ўвага надаецца фестывалю Мінскім аблвыканкамам. Як і заўсёды, пераможцаў у кожным жанры чакаюць каштоўныя прызы. Гран-пры фестывалю — мікрааўтобус — будзе ўручаны аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райгарвыканкама, на базе якога дзейнічае калектыў-пераможца.
Зберагаецца добрая традыцыя запрашаць на адкрыццё калектывы, якія былі лаўрэатамі і ўладальнікамі Гран-пры фестывалю ў папярэднія гады. У гэты раз у іх ліку на сцэну выйдзе і ўзорны дзіцячы харэаграфічны калектыў “Імпульс” Свіслацкай школы мастацтваў, які ў сваёй намінацыі стаў лаўрэатам другой ступені ў мінулым годзе.
— Да гэтай падзеі калектыў рыхтаваўся не менш сур’ёзна, чым у мінулым годзе да ўдзелу ў конкурсе, — расказала дырэктар школы мастацтваў Наталля Цыбульская. — Пастаноўкай танца, з якім “Імпульс” выйдзе на сцэну, займаліся не толькі кіраўнікі ансамбля, але і балетмайстры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Такім чынам, у рэпертуары калектыву з’явіцца яшчэ адзін фестывальны нумар.
Ёсць у гэтым годзе і новаўвядзенні. Згодна з палажэннем, раён на фестывалі можа прадстаўляць толькі адзін калектыў. Але зараз у дакумент ўнесена важнае ўдакладненне: прадугледжана магчымасць далучыць да ўдзелу ў фестывалі некалькі калектываў розных жанраў для сумеснага пастановачнага нумара ў якасці суправаджэння (інструментальная, харэаграфічная, вакальная, цыркавая групы, тэатр мініяцюр).
— Вопыт паказвае, што сумесная пастаноўка нумару дапамагае больш глыбока адлюстраваць яго ідэю, — патлумачыла дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская. — І ў гледачоў ёсць магчымасць убачыць больш відовішчныя пастаноўкі, кранаючыя і запамінальныя.
Фестываль — гэта жывы арганізм. Ён пастаянна мяняецца, становіцца больш сучасным, зберагаючы лепшыя традыцыі.
Наталля ВАСІЛЬЕВА.
Праграма фестывалю:
11.00. Творчая імпрэза “І музыка адвечная гучыць” з удзелам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь «Крупіцкія музыкі».
12.00-15.00. Урачыстае адкрыццё фестывалю. Конкурсная праграма “З крыніц жыватворных”.
15.00-17.00. Канцэртная праграма калектываў — уладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў мінулых фестываляў.
17.00. Узнагароджанне калектываў-удзельнікаў. Урачыстае закрыццё фестывалю.