На мяжы Мінскага і Пухавіцкага раёнаў ўстаноўлены новы знак-указальнік
Новы знак-указальнік на мяжы Мінскага і Пухавіцкага раёнаў быў днямі ўстаноўлены работнікамі ТАА “ПухавічыМеталБуд”.
Ранейшы ўказальнік ужо не адпавядаў сучасным эстэтычным нормам. На думку старшыні райвыканкама Сяргея Ленкаўца, трэба каб кожнага, хто едзе ў наш раён, радавала больш цікавая і эстэтычная форма. Не трэба, да таго ж, забываць, што дарога, якая вядзе са сталіцы, — дарога рэспубліканскага значэння, і паток машын тут вялікі. Таму было вырашана абнавіць знак. Зроблена гэта было за кошт сродкаў, сабраных на раённым суботніку. Таму можна лічыць, што кожны з нас паўдзельнічаў у добрай справе.Непасрэдна ж працаваць над заказам ўзялося па выніках тэндэру ТАА “ПухавічыМеталБуд”.
— Мы выканалі поўны аб’ём работ ад распрацоўкі дызайну, вырабу знака і яго мантажу, — гаворыць дырэктар таварыства Сяргей Каранік. — На ўсё нам спатрэбіўся прыкладна месяц.
Новы ўказальнік выкананы ў чырвона-зялёным колеры нацыянальнага сцяга. Ён сапраўды выглядае больш сучасна, лёгка і прыгожа.Убачылі новы знак — ведайце: Пухавіччына шчыра вітае кожнага госця і жыхара!