Стаўка на корманарыхтоўку

Анатоль Сянько, Аляксей Вальковіч, Уладзімір Забаўскі і Уладзімір Варона разам з Аленай Гладун.

Анатоль Сянько, Аляксей Вальковіч, Уладзімір Забаўскі і Уладзімір Варона разам з Аленай Гладун.

ФіліялДрычынААТМінскі малочны завод №1” традыцыйна ў ліку лепшых сельгасарганізацый раёна. Сёлета гаспадарка па выніках раённага спаборніцтва заняла першае месца па нарыхтоўцы кармоў.

— Наш фінансавы дабрабыт залежыць ад жывёлагадоўлі. Мы гэта разумеем, таму добра спрацавалі на корманарыхтоўцы.  Сёлета ў нас нарыхтавана 37,5 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву — гэта лепшы паказчык у раёне.  Маем 15392 тоны сіласу, 682 тоны сена і больш за 9 тысяч тон сенажу. Акрамя гэтага, нарыхтавалі 900 тон сенажу ў стрэйч-плёнцы, — расказвае дырэктар Алена Гладун. — Стаўку робім на кармавыя культуры, багатыя бялком — люцэрну і канюшыну. У гэтым годзе пасеялі 80 гектараў люцэрны і 250 гектараў канюшыны. У планах — павялічыць пасяўныя плошчы люцэрны да 100 гектараў, каб атрымліваць танныя бялковыя кармы.

Філіял “Дрычын” паказаў добрыя вынікі і на іншых відах сельгасработ. Гаспадарка на другім месцы ў раёне на ўборцы ўраджаю зерневых культур і на трэцім — па выніках вясенне-палявых работ.

— Гэты год быў не самым простым для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў. Надвор’е часта ўносіла карэктывы ў планы земляробаў. Дзякуючы намаганням спецыялістаў, работнікаў палёў і ферм, мы змаглі дасягнуць высокіх паказчыкаў. Валавая прадукцыя за 10 месяцаў склала 114 працэнтаў, атрымана звыш 6 тысяч тон зерня збожжавых культур і 490 тон кукурузы, — працягвае Алена Леанідаўна. — ААТ “Мінскі малочны завод №1” дапамагло нам набыць добрую энерганасычаную тэхніку. Хочацца падзякаваць  усім работнікам філіяла за іх працу. Таксама не магу не сказаць пра нашых механізатараў, якім прыходзілася шмат працаваць, каб тэрмінова завяршыць палявыя работы.

Уладзімір Забаўскі працуе ў сельскай гаспадарцы больш за 20 гадоў. Ён лепшы ў раёне на падрыхтоўцы глебы.

Такі ж падыход да справы ў вадзіцеля Уладзіміра Вароны, механізатараў Аляксея Вальковіча і Анатоля Сянько. Яны таксама вопытныя працаўнікі, маюць граматы за дасягненне высокіх вынікаў у працы. Сёння  калекцыя іх узнагарод папоўнілася.

— Вельмі рада за сваіх людзей, — з усмешкай гаворыць Алена Гладун. — Таксама варта адзначыць працу галоўнага агранома Галіны Сіпач. Добры ўраджай і, адпаведна, перадавыя  вынікі  нашых  механізатараў — яе заслуга. Учора мы арганізавалі святочнае  мерапрыемства для сваіх супрацоўнікаў, адзначылі лепшых. Сярод іх —  камбайнер Анатоль Молчан. Ён  намалаціў  1975 тон зерня, у тым ліку 490 тон кукурузы.

Хачу  шчыра  павіншаваць  усіх,  хто мае дачыненне да сельскай гаспадаркі,  з надыходзячым  святам. Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і шчасця, таксама   поспехаў і дасягнення высокіх працоўных  вынікаў.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *