Як будзе зімаваць тэхніка?

Сельгаспрадпрыемствы раёна працягваюць ставіць тэхніку на захоўванне. Шмат клопатаў цяпер у інжынерных службаў гаспадарак, і не менш — у работнікаў інспекцыі Дзяржтэхнагляду Пухавіцкага раёна. Гэта служба сочыць за тэхнічным станам сельгасмашын, трактароў, прычэпаў і парадкам на мехдварах.

%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-2На палях раёна да нядаўняга часу ішлі работы па ўзняцці зябліва, вядзецца вывазка  арганічных  угнаенняў. Тэхніку, якая задзейнічана на гэтых работах, па зразумелых прычынах «на адпачынак» адпраўляць пакуль было рана. Збожжаўборачныя камбайны, касілкі, пасяўныя агрэгаты і прэспадборшчыкі, наадварот, у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі  Дзяржтэхнагляду ўжо павінны стаяць пад навесамі або  ў  гаражах  у  чаканні  наступнага сезона сельгасработ.

 — Мы трымаем на кантролі пастаноўку тэхнікі на захоўванне ва ўсіх семнаццаці сельгасарганізацыях раёна. Гэта пытанне не аднаго дня, бо працэс уключае ў сябе шмат складаемых. Работа вядзецца ўсюды, і яна на завяршальным этапе, — расказвае галоўны спецыяліст, дзяржаўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду раёна Ягор Ганчарык. — Пастаноўка тэхнікі на захоўванне асаблівых матэрыяльных выдаткаў не патрабуе. Патрэбны канкрэтныя тэхналагічныя мерапрыемствы і кантроль за іх рэалізацыяй. Мы пастаянна наведваем гаспадаркі, указваем галоўным інжынерам на недахопы, якія неабходна ліквідаваць. Наша сумесная праца накіравана на тое, каб вясной  тэхніка  без  замінак   змагла выехаць на палі.

На гэтым тыдні супрацоўнікі Дзяржтэхнагляду наведалі шэраг сельгасарганізацый. Значнага кантрасту на мехдварах няма, але розніца ўсё ж ёсць.

— Парадавала карціна, якую ўбачылі на мехдвары ў ААТ  «Вецярэвічы».  Збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны  пастаўлены на захоўванне, гатова зімаваць і іншая тэхніка, якая  не працавала ў полі. Тэрыторыя таксама ўтрымліваецца ў чысціні, — працягвае Ягор Ганчарык. — Відаць, што  кіраўнік  сельгаспрадпрыемства Аляксандр  Заяц  надае гэтаму пытанню значную ўвагу.  Стараецца таксама   загадчык  машыннага  двара  Сяргей Клястоў. Хочацца адзначыць добрую работу інжынерных службаў ААТ «Агра-абярэг» (галоўны інжынер Артур Сачок), ААТ «Голацк» (галоўны інжынер Аляксандр Лешчанка), ААТ «Зазерка»  (галоўны інжынер Андрэй Пінязік), СУП «Дукора-агра» (галоўны інжынер Аляксандр Барычэўскі).

Разам  з  супрацоўнікам   інспекцыі  Дзяржтэхнагляду  ў  сераду  мы  наведалі  мехдвары сельгасфіліялаў «Светлая ніва» ААТ «Мінскі маторны завод» і  «Дрычын» ААТ «Мінскі малочны завод №1». На  балансе  сельгасфіліяла «Светлая ніва» — каля 30 адзінак тэхнікі. Па словах галоўнага інжынера Міхаіла  Сянько, тэхніку на зімовы адпачынак у гаспадарцы пачалі ставіць па меры заканчэння палявых работ. Ужо пастаўлена на захоўванне каля 60 працэнтаў агрэгатаў і машын. Таксама наведзены парадак у боксах, здадзены металалом.

Начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду Пухавіцкага раёна  Дзяніс Шырокі і дзяржаўны інжынер-інспектар Ягор Ганчарык бачаць сітуацыю па-іншаму. Яны кажуць аб недастаткова праведзенай рабоце  інжынернай службы і адзначаюць, што аб 60 працэнтах тэхнікі, якая пастаўлена на захоўванне, гаворкі пакуль быць не можа. Спецыялісты ўбачылі шмат недапрацовак, якія прыйдзецца выпраўляць.

 — З пачатку работы мабільнай групы ў раёне прайшло больш за два тыдні, аднак сітуацыя  па  пастаноўцы  тэхнікі  на захоўванне кардынальна не змянілася. Мала што зроблена і ў сельгасфіліяле «Дрычын». Напрошваецца пытанне: чым столькі часу займалася інжынерная служба на чале з Дзмітрыем Піпко, — рэзюмуе Дзяніс Шырокі. — Скаладаная сітуацыя ў ААТ «Аграсімвал» (дырэктар Юрый  Плешавеня,  галоўны  інжынер  Валерый Каваленка), ААТ «Племянны завод «Індустрыя» (дырэктар Ілля Змачынскі,  галоўны інжынер Віталь Бакіноўскі), ААТ «Ражджэственскае-агра» (дырэктар Уладзіслаў Рымашэўскі,  галоўны інжынер Міхаіл Шульга). Кіраўніцтву ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» таксама варта звярнуць увагу на тэмпы пастаноўкі тэхнікі на захоўванне.  Час прыспешвае. У сельгасарганізацыі раёна перыядычна прыязджае рэйдавая група абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду. За парушэнне  патрабаванняў,  якія  прад’яўляюцца да пастаноўкі  тэхнікі  на  захоўванне, прадугледжаны немалыя  штрафы.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *