“Галоўнае — не ленавацца…”

Юлія Страх — адна з лепшых аператараў машыннага даення  СУП  «Дукора-агра».  Яна  працуе  на  ферме  «Харавічы». Ферма самая звычайная.  Але Юлія чамусьці не імкнецца туды, дзе працаваць камфортней. 

— Я прывыкла тут, — кажа Юлія. — Мне падабаюцца людзі, з якімі я працую і сябрую, мне ўсё тут зразумела, проста. Калі шчыра, то мне прапаноўвалі перайсці на новы комплекс, калі закрывалася старая ферма, але я пакуль адмовілася.

img_8345Юлія з задавальненнем распавядае пра сваю групу кароў, у якой 37 рагуль. Яна ведае ўсе іх мянушкі, бачыць па першых прыкметах,  калі  якая-небудзь  карова  захварэла, клапоціцца аб іх.

— Цяпер маладыя людзі часцей  мараць пра больш  прэстыжныя прафесіі, але я не з гэтага ліку, — кажа Юлія. — Калі ўсе будуць сядзець у цёплых кабінетах, то адкуль на стале будзе малако? Я просты чалавек, таму і  выбрала сабе простую працу…

Але я не спяшалася б назваць работу аператара машыннага даення простай. Гэта цяжкая штодзённая праца. І для таго, каб быў вынік, патрабуецца нямала намаганняў — фізічных і чыста чалавечых, бо жывёла адгукаецца не толькі на наяўнасць корму, але і на клопат,  дабрыню.

Юлія Страх, якая з дзяцінства назірала за тым, як працуе на ферме яе маці, навучылася галоўнаму — не ленавацца. Яна стараецца, каб у яе  групе  каровы  былі  дагледжаныя, накормленыя (у наяўнасці кармоў няма ніякай праблемы), здаровыя.

Менавіта добрасумленнасць перш за ўсё адзначае ў работніцы загадчыца фермы Марыя Федарынчык, сцвярджаючы, што  Юлія дабілася прыбаўкі ў надоях у параўнанні з мінулым годам. У кастрычніку надаіла   424  літры  малака ад каровы. Гэта на 63 літры больш, чыш у мінулым годзе.

Юлія Страх — неаднаразовы ўдзельнік конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод аператараў машыннага даення. Чатыры гады таму была пятай у вобласці, потым — другой у раённым конкурсе. А ў гэтым годзе, калі конкурс праводзіўся ў роднай гаспадарцы, Юлія Страх стала лепшай.

Алена  ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *