Музычны падарунак ад нашага земляка

2016 год быў аб’яўлены Прэзідэнтам  нашай краіны Годам культуры. Беларускія таленты значна папоўнілі нацыянальную скарбонку творчых дасягненняў. Для нашага земляка Уладзіміра Траццякова Год культуры таксама стаў адметным: ён напісаў  новую песню “Сіні лён”. Яе  прэм’ера ўжо адбылася на радыё “Мінская хваля”. Кампазіцыя хутка набірае папулярнасць.

20161228_090316— Тэкст напісаны ў стылі беларускага кантры. Чаму вёска і сіні лён? Таму што карані сапраўднага беларуса ўсё ж-такі знаходзяцца ў вёсцы ці ў невялікім гарадку, — расказвае аўтар. —  Музыка напісана ў сучасным стылі беларускага фолк-року. Захацелася ўспомніць маладых “Сяброў”, “Песняроў”, маладога Ігара Лучанка. Інакш кажучы, успомніць 70-я гады, калі разам з музыкантамі спявалі і гледачы. Гэта цёплая гісторыя, якая яднае беларусаў. Музыка атрымалася адразу,  а тэкст некалькі разоў рэдагаваўся.

“Сіні лён”, дарэчы, не дэбютная кампазіцыя Уладзіміра Траццякова. Ён — аўтар знакамітай песні “Мар’іна Горка”, з якой некаторы час пачыналіся перадачы раённага радыё. Музыка ўвайшла ў жыццё Уладзіміра Васільевіча шмат гадоў таму. Ён скончыў Мар’інагорскую музычную школу па класе фартэпіяна. У 1970-я  гады стаў пераможцам конкурсу камсамольскай маладзёжнай песні “Чырвоны гваздзік”, выканаўшы песню нашага земляка Ігара Лучанка “Памяць сэрца”. Нягледзячы на ўсе поспехі, сваё жыццё з музыкай не звязаў.  Уладзімір Траццякоў скончыў факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, пасля вучыўся ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ў Гомелі.

— Музыкай я не займаўся гадоў сорак. Зараз з’явілася жаданне і час, магу прысвяціць яго творчасці, —  працягвае субяседнік. — Мне падабаецца пісаць песні па-беларуску. Наша  мова — музычная,  меладычная, простая і зразумелая для ўсіх славян.

Уладзімір Траццякоў супрацоўнічае з музыкантамі Барысам Ідэльчыкам і Вадзімам Яткоўскім, якія з’яўляюцца аранжыроўшчыкамі дзвюх напісаных песень. Дарэчы, аўтар ужо распачаў працу над іншымі песнямі. Паслухаць і ацаніць кампазіцыю “Сіні лён” можна будзе ў эфіры радыёперадачы “Мар’іна Горка”, якая прагучыць 11 студзеня  ў 21.15 на радыё “Мінская хваля” (97,4 FM), а скачаць у любы час у афіцыйных суполках нашай газеты ў сацыяльных сетках “Вконтакте” і “Одноклассники”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

 

Сіні  лён

Калі бывае, што мне цяжкавата,

І не прыходзіць ніяк ноччу сон,

Я ўспамінаю бацькоўскую хату,

І як у полі цвіце сіні лён.

 

Прыпеў:

Бягуць начныя тэленавiны,

Мільгаюць Лондан, Парыж, Вашынгтон,

А толькі засну — бачу: у полі за млынам

Дзіўна цвіце сіні лён.          

 

І зноў не спіцца, жыццё праглядаю,

Як быццам стужку нямога кіно.

З памяці твары бацькоў выплываюць,

Іх я не бачыў, не бачыў даўно.

 

Прыпеў.

 

Калі бывае, што мне цяжкавата,

І не прыходзіць ніяк ноччу сон,

Я ўспамінаю бацькоўскую хату,

І як у полі цвіце сіні лён.

 

Фiнал: 

Дзе калiсьцi ў роднай хаце

Нарадзiла цябе мацi —

Там твая Радзіма, там твая зямля.

Рэчкі, пушчы і азёры,

Сэрцу любыя прасторы,

Сіні лён у полі — спадчына твая.

Беларускі сіні лён…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *