Кіпіць работа ў майстэрнях

Да пачатку каляндарнай вясны застаецца ўсё менш часу. У сельгасарганізацыях раёна яшчэ з пачатку зімы дбаюць пра будучы  ўраджай. Важны паказчык —  гатоўнасць  машынна-трактарнага парку. Земляробаў не трэба пераконваць  у тым, што якасны рамонт тэхнікі і надзейная яе работа падчас правядзення пасяўной кампаніі — аснова поспеху ў атрыманні добрых вынікаў. Гэта ісціна з году ў год пацвярджаецца на практыцы, таму рамонт сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў — прыярытэтная задача для інжынерных службаў гаспадарак раёна.

Галоўны інжынер Валерый Каваленка і механізатар Віктар Сіпач

Галоўны інжынер Валерый Каваленка і механізатар Віктар Сіпач

Актыўна вядзецца рамонт тэхнікі ў ААТ “Зазерка”, ПСУ “Рудзенскае”, ААТ “Агра-Абярэг”, ААТ “Аграсімвал”. Апошнюю гаспадарку мы наведалі ў сярэдзіне тыдня. У мехмайстэрнях — чысціня і парадак, слесары і  механізатары завіхаліся каля сельгасмашын.

— Зараз вядзецца рамонт двух пасяўных агрэгатаў і двух трактароў, — адзначае галоўны інжынер  ААТ “Аграсімвал” Валерый Каваленка. — Пасяўныя агрэгаты патрабуюць капітальнага рамонту сашняковай групы. Хутка з гэтай работай справімся і прыступім да глебаапрацоўчай тэхнікі. Сродкі на запчасткі мы атрымалі з раённага бюджэту. У калектыве ўсе зацікаўлены, каб якасна і своечасова падрыхтаваць тэхніку да палявых работ.  Добра  працуюць  слесары   Віталій  Ефімовіч, Сяргей  Дурманаў і Сяргей Рысявец.

Механізатар Анатоль Лабанок

Механізатар Анатоль Лабанок

З рамонтам у гаспадарцы спраўляюцца сваімі сіламі. Пасяўныя агрэгаты рамантуюць механізатары Анатоль Лабанок і Павел Валасевіч. Яны не першы год падчас вясенней пасяўной кампаніі выязджаюць у поле  з гэтымі сеялкамі, таму лепей за іншых ведаюць сваю тэхніку.Шмат гадоў у гаспадарцы працуюць  механізатары Пётр Мотуз і Уладзімір Савіч. У той дзень яны займаліся рамонтам рухавіка трактара. Побач з вопытнымі механізатарамі  трактар да  вясенне-палявых работ рыхтаваў Віктар Сіпач. Для маладога чалавека гэта будзе другая пасяўная кампанія. У мінулым годзе ён ужо працаваў на гэтым трактары і як ніхто  ведае, на што звярнуць увагу падчас рамонту.

Механізатары Пётр Мотуз і Уладзімір Савіч

Механізатары Пётр Мотуз і Уладзімір Савіч

Як паведамілі ў інжынернай службе раёна, у цэлым рамонт тэхнікі ў сельгасарганізацыях ідзе згодна з планам. У ААТ  “Ражджэственскае-Агра”,  СУП “Дукора-Агра” пакуль вядзецца бягучы рамонт.Падобная сітуацыя яшчэ  два тыдні таму была на мехдварах ААТ “Шацк” і СУП “Сяргеевічы”. Аднак за гэты час назіраюцца станоўчыя перамены. 

У лютым інжынерным службам сельгасарганізацый прыйдзецца трымаць экзамен перад раённай інспекцыяй Дзяржтэхнагляду. У ліку першых праверку тэхнічнага стану пройдуць машыны  і агрэгаты  ААТ  “Агра-Абярэг”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *