Дзесяць гадоў як дзесяць дзён

Педагог Пярэжырскай  СШ, пераможца раённага конкурсу «Настаўнік года 2016-2017» Канстанцін Хвашчэўскі, галоўны бухгалтар СШ №2 горада Мар’іна Горка Антаніна Астрэйка, ветурач Ганна Арышчанка,  урач-анестэзіёлаг  Мар’інагорскай ЦРБ Альберт Паваротны, настаўнік хіміі СШ №2, пераможца конкурсу «Педагагічны дэбют-2013» Наталля Фінская… Гэта ўсё выпускнікі СШ №2 горада Мар’іна Горка. Заўтра яны прыйдуць у родную школу праз 10 гадоў пасля яе заканчэння.

IMG_0352Яшчэ гэта  людзі, якія, атрымаўшы прафесію, вярнуліся працаваць на сваю малую радзіму. Але і гэта не ўсё, што аб’ядноўвае былых аднакашнікаў. У школе ім усім выкладала хімію Людміла Міхайлаўна Шаршакова (на здымку з Наталляй Фінскай і Альбертам Паваротным).

 — Я не магу не памятаць гэты выпуск. Нібыта дзесяць дзён прайшло, — прызнаецца педагог. — Гэта быў першы выпуск профільнага медыцынскага класа (а паралельна — класа з эканамічным профілем), у якіх я ўзялася выкладаць хімію. Пасля працы ў сельскай школе мне было некалькі боязна брацца за профіль. Але ў нас усё атрымалася. Дзеці з задавальненнем вывучалі мой няпросты прадмет, ездзілі на лекцыі ў медуніверсітэт, хадзілі на практыку ў раённую бальніцу і рыхтаваліся да паступлення. Многія потым здзейснілі свае мары.

Менавіта навучанне ў профільным медыцынскім класе стала прычынай выбару прафесіі Альбертам Паваротным:

— У старэйшых класах мы мелі магчымасць назіраць за медыцынскімі работнікамі, і прафесія станавілася нам больш зразумелай. Так паступова нараджалася жаданне быць доктарам. Гэта вельмі няпроста і адказна, але я люблю тое, чым займаюся.

Аднакласніца Наталля Фінская (Гурыновіч) не стала медыцынскім работнікам, а пайшла па шляху свайго любімага настаўніка — Людмілы Міхайлаўны — і стала яе калегай. І сёння таксама выкладае хімію. Дарэчы, у про-фільным хіміка-біялагічным класе роднай школы.Парады свайго педагога, старэйшага калегі, прызнаецца Наталля, не раз дапамагалі і дапамагаюць ёй: магчымасць у любы момант звярнуцца да Людмілы Міхайлаўны з пытаннямі надавала ўпэўненасць  у першыя гады працы ў школе.

— Атрымліваецца, што ў нас з Людмілай Міхайлаўнай вечар сустрэчы — круглы год, — кажа Наталля Мікалаеўна. — І я гэтаму вельмі рада.

— А я не проста рада, — дапаўняе Людміла Міхайлаўна, з любоўю гледзячы на сваіх выпускнікоў. — Я вельмі імі ганаруся. Яны вывучыліся, атрымалі выдатныя прафесіі, вярнуліся на радзіму, сталі добрымі людзьмі, якія з павагай ставяцца да сваіх педагогаў і не забываюць дарогу ў школу. Што можа быць больш радасным для настаўнікаў?

Алена  ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *