У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея праходзіць выстава «Ад Залатой Горкі да Мар’інай Горкі»

“Ад Залатой Горкі да Мар’інай Горкі” — так называецца персанальная  выстава мастацкіх работ  кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў Яўгена Шунейкі, якая адкрылася ў мастацкай галерэі  раённага краязнаўчага музея. Прысвечана яна плённаму супрацоўніцтву мастака з музеем, якое працягваецца ўжо восьмы год.

DSCN0162Яўген Феліксавіч нарадзіўся ў Гародні. Лёс склаўся  менавіта так, як і марылася некалі ў маладосці: скончыў вышэйшую навучальную ўстанову ў сталіцы і застаўся там, каб усур’ёз займацца мастацтвам. Сёння можна сказаць, што ўсё склалася паспяхова. Яўген Феліксавіч стаў не толькі вядомым мастаком, але і вядомым навукоўцам. Кола яго навуковых інтарэсаў даволі шырокае: гісторыя і сучаснасць беларускага тэкстыльнага мастацтва, сувязі традыцый і наватарства ў сучасным мастацтве, здабыткі беларускага мастацтва і яго міжнародныя сувязі.Але напоўненае шматграннай дзейнасцю жыццё крыху аддаліла ад малой радзімы, куды кожны з нас імкнецца за душэўнай цеплынёй, якой  не заўсёды хапае ў імклівым гарадскім жыцці. Душэўнасць, параўнальную з  той, што дае бацькоўскі дом, Яўген Шунейка знайшоў на Пухавіччыне.

— Я быў шчаслівы, калі мастак Фёдар Ладуцька прывёз  мяне на сваю малую радзіму ў вёску Махоўка, —  прызнаўся падчас урачыстага адкрыцця выставы Яўген Феліксавіч.  — Там нібыта адкрылася другое дыханне. І я адчуў, што вярнуўся ў сваю маладосць.

З таго часу і пачалі выстройвацца асаблівыя адно-сіны мастака з  нашым раёнам. У 2010 годзе  ён упершыню наведаў Мар’іну Горку і раённы краязнаўчы музей, арганізаваў тут супольную выставу разам са сваімі сябрамі. Затым было нямала  паспяховых праектаў, якія звязваюць цэнтр Мінска, Залатую Горку, дзе знаходзіцца сталічны Палац мастацтваў, і Мар’іну Горку, якая прываблівае многіх вядомых мастакоў.І яшчэ  такая прыкметная рэч: адна з любімых выпускніц прафесара, Дар’я Раманенка, таксама з Мар’інай Горкі. Дарэчы, Дар’ю прафесар лічыць адной з самых таленавітых маладых мастачак сучаснай Беларусі. А ўражанне аб тым, як яна абараняла сваю дыпломную работу, Яўген Феліксавіч нават адлюстраваў у адной са сваіх работ, што экспануюцца зараз  на персанальнай выставе.

 Там жа можна пабачыць нямала работ, якія пры-свечаны менавіта нашаму раёну, яго таленавітым лю-дзям. Цэнтральнай на выставе з’яўляецца  карціна “Генрых Вейсенгоф на зімовых эцюдах у Русаковічах”.  Вейсенгофа Яўген Шунейка лічыць  вельмі таленавітым мастаком. Яму падаецца цікавым мастак, які некалі прыехаў у Русаковічы з Парыжа ў той час, калі іншыя, наадварот, імкнуліся з правінцыі ў еўрапей-скую сталіцу мастацтва, і знайшоў тут нямала вобразаў для сваіх карцін. 

Акрамя новых твораў, у экспазіцыі размешчаны   і работы мастака з фондаў музея, дзе захоўваецца ўжо болей дваццаці жывапісных, графічных і дэкаратыўных кампазіцый на розныя тэмы. Яўген Феліксавіч прызнаўся, што лічыць для сябе вельмі каштоўнай магчымасць арганізаваць персанальную выставу ў мастацкай галерэі ў Мар’інай Горцы. У такім фармаце можна прадставіць не толькі завершаныя творы, але і эцюды, накіды  з натуры, што дазваляе прасачыць, як нараджаюцца вобразы, як знаходзяць увасабленне  ідэі.  Тут аператыўна можна паказаць рэчы, якія ў Мінску могуць гадамі чакаць сваёй чаргі. 

Свае творы Яўген Шунейка пасля завяршэння экспазіцыі перадасць у дар раённаму краязнаўчаму музею.

Наталля  ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *