З добрым настроем

Заслужаныя словы па-дзякі за працу  на гэтым тыдні прымалі жывёлаводы ААТ “Агра-Абярэг”. Яны сталі чарговымі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, якая крочыць па краіне з лістапада мінулага года. Дырэктар гаспадаркі Пётр Казак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Арэхоўская прапанавалі аператарам машыннага даення і аператарам па вырошчванні буйной рагатай жывёлы змяніць звыклую абстаноўку і сабрацца ў Азярычынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-базавая школа.

Валянціну Кандрацьеву віншуе Пётр Казак

Валянціну Кандрацьеву віншуе Пётр Казак

— Нагода для нашай сустрэчы вельмі радасная, мне прыемна быць у вашай кампаніі. ААТ “Агра-Абярэг” — адна з лепшых гаспадарак у раёне па выніках работы ў  жывёлагадоўлі. У мінулым го-дзе сярэдні надой на карову ў гаспадарцы склаў 5133 кілаграмы. Такія высокія вынікі — заслуга кожнага з вас, —  звярнулася да прысутных Людміла Арэхоўская.

Да членаў калектыву звярнуўся таксама Пётр Казак.

— Шчыра ўдзячны арганізатарам гэтай акцыі. Я згодны з тым, што трэба ўдзяляць больш увагі жывёлаводам.  Мы ў гаспадарцы нямала зрабілі па мадэр-нізацыі ферм, палепшылі ўмовы працы, але ж галоўнае — звяртацца да людзей і ўдзяляць ім належную ўвагу, — адзначыў кіраўнік гаспадаркі. —  Склалася так, што ў жывёлагадоўлі працуюць у асноўным жанчыны.  Іх праца цяжкая і складаная, але, нягледзячы на гэта, свае абавязкі яны выконваюць старанна і рупліва, яшчэ і дома застаюцца выдатнымі гаспадынямі.  Жадаю ўсім моцнага здароўя і аптымізму.

У калектыве ААТ “Агра-Абярэг” нямала працаўнікоў, якія з году ў год за плённую працу атрымліваюць узнагароды. У межах акцыі “Наш жывёлавод” падзячныя лісты ад Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК былі ўручаны аператарам машыннага даення Алене Воранавай  і Ірыне Пакроўскай. Падзячны ліст і падарунак ад райкама прафсаюза атрымаў аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ад 6 да 12 месяцаў Віталь Баранаў. Падарунак за працу Людміла Арэхоўская таксама ўручыла галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Наталлі Таранчанцы.

— Прызнаюся, крыху нечакана сёння атрымаць гэты падзячны ліст. Заўсёды прыемна, калі заўважаюць і адзначаюць тваю працу, — падзялілася эмоцыямі Алена Воранава. —  Я 23 гады працую аператарам машыннага даення. Люблю свой калектыў і абраную справу.

Грашовыя прэміі ад прафкама гаспадаркі атрымалі таксама аператары машыннага даення Валянціна Фаткулбаянава, Наталля Жыцько, Валянціна Кандрацьева і аператары па вырошчванні жывёлы Алена Чычко і Галіна Падзянкова. Святочны настрой жывёлаводам падаравалі вучні Азярычынскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа, якія падрыхтавалі для ўдзельнікаў акцыі  невялікую канцэртную праграму.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *