Земляробы раёна актыўна прыступаюць да палявых работ

“Веснавы дзень год корміць”. Так здаўна гаварылі нашы продкі,  і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Гаспадаркі раёна стараюцца максімальна скарыстаць кожны пагодлівы дзень, земляробы актыўна прыступаюць да палявых работ. З добрым настроем і з новымі сіламі пачалі чарговы сельскагаспадарчы сезон у СУП “Дукора-Агра”.  З кожным днём да работ далучаецца ўсё больш тэхнікі і агрэгатаў. Зараз у гаспадарцы вядзецца ўнясенне арганікі пад кукурузу, падкормка азімых культур. У панядзелак  механізатар Сяргей Фралоў на агракомплексе “Раса” пачаў уносіць вадкія азотныя ўдабрэнні  КАС пад  азімае трыцікале. Бочку з удабрэннямі да “Расы” падвозіць  механізатар Юрый Шлык. Задача Алега Страха — хутка і якасна праводзіць запраўку агракомплексу. 

Юрый Шлык,Сяргей Фралоў, Алег Страх

Юрый Шлык,Сяргей Фралоў, Алег Страх

— Трэці год працую на “Расе”. Кліматычныя ўмовы дазволілі нам выехаць у поле, таму стараемся не губляць каштоўнага часу, — расказвае механізатар Сяргей Фралоў.

За працэсам унясення вадкіх азотных удабрэнняў на полі ўважліва сочыць аграном-хімік Аляксандр Кротаў. Норма і якасць унясення КАСу — асноўныя паказчыкі, на якія звяртае ўвагу спецыяліст.

— Наступіла вегетацыя раслін трыцікале, самы час уносіць удабрэнні, — каменціруе Аляксандр Кротаў. — Агракомплекс “Раса” абсталяваны навігатарам, які значна аблягчае нам працу. Гэтая прылада дакладна паказвае плошчы, дзе мы ўжо праехалі і ўнеслі КАС. Пры бесперабойнай рабоце мы можам за дзень апрацоўваць амаль па 150 гектараў плошчы. Спадзяёмся, што ў нас так і атрымаецца.

Тэхнікі, паліва, мінеральных угнаенняў у дукорскіх земляробаў хапае, каб працаваць увесь светлавы дзень. Усе, хто задзейнічаны на веснавых палявых работах, забяспечаны гарачым харчаваннем. Абеды механізатарам  дастаўляюць у поле.Як толькі сонейка прагрэе зямлю, на палеткі выйдуць пасяўныя агрэгаты. Тэхніка і людзі да пачатку сяўбы гатовыя.  Яравы клін у гаспадарцы складае 750 гектараў ячменю, 400 гектараў пшаніцы, 763 гектары кукурузы. Акрамя гэтага, трэба будзе пасадзіць  600  гектараў бульбы.Распрацавана сістэма аплаты працы, зацверджаны нормы выпрацоўкі, прадуглежана матэрыяльнае заахвочванне.На мехдвары для механізатараў абсталяваны пакой для адпачынку, ёсць душавыя кабіны з гарачай вадой.

Хутка пачнецца перыяд, калі земляробы амаль увесь дзень будуць шчыраваць у полі. Напружаны графік работы іх не палохае, працаваць зранку да позняга вечара яны прывыклі. Калектыў гаспадаркі разлічвае на добрае на-двор’е  і  добры ўраджай.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *