Сакрэты шчасця
Першы майскі дзень 1961 года для Рамана Мікалаевіча і Марыі Антонаўны Новік з вёскі Вугалец Турынскага сельсавета — асаблівы дзень: на Першамай яны згулялі вяселле. Хутка іх шлюб адзначыць чарговую гадавіну: яны разам амаль 56 гадоў. Сёння Раман Мікалаевіч і Марыя Антонаўна — адзіная сямейная пара ў вёсцы. Прашу іх у думках пераглядзець час і вярнуцца ў маладосць. У субяседнікаў адразу з’яўляюцца шчырыя ўсмешкі і агеньчыкі ў вачах. Размову пачынае гаспадар.
— Вельмі добра памятаю, як пазнаёміўся з Марыяй. У той час я працаваў экскаватаршчыкам. У Вугальцы мы капалі русла рэчкі. Некалькі тыдняў жылі ў вёсцы і ў вольны час хадзілі на танцы. Там і сустрэліся, — успамінае Раман Новік. — У Вугальцы было шмат моладзі. На будучую жонку я адразу звярнуў увагу: яна вельмі прыгожа танцавала.
— Мы адразу спадабаліся адзін аднаму. Да таго ж, ён быў выдатным гарманістам, — дадае Марыя Антонаўна. — Вакол мяне было шмат хлопцаў, але Раман быў лепей за ўсіх. Так мы закахаліся і ажаніліся.
Сваё вяселле муж і жонка памятаюць вельмі добра. У іх нават захавалася іконка, якую ім падарылі ў той значны дзень.Людзі кажуць, што калі на вяселле ідзе дождж, — гэта добрая прыкмета для маладой сям’і. Надвор’е нагадала пра сваё непастаянства і падчас шлюбу Марыі і Рамана Новікаў: першага мая раптоўна пайшоў снег.
— У дзяўчат былі лёгкія шалікі, але яны не ратавалі ад холаду. Хлопцы зусім змерзлі, бо прыехалі ў лёгкіх касцюмах, — працягвае Марыя Антонаўна. — Раман сам з Дрычына, там мы і гулялі веселле. У той час не было такой раскошы, як зараз. Мы ехалі да сельсавета на грузавых машынах. Снег хутка растаў, і машына засела ў гразі. Калі мы выбраліся з незапланаванага палону і прыехалі дамоў, адразу палезлі на печ. Спачатку адагрэліся, а пасля селі за стол.
Марыя Антонаўна за жыццё змяніла некалькі прафесій: спачатку працавала даяркай у калгасе, пасля і да пенсіі — лабарантам у кацельні на кардоннай фабрыцы. Раман Мікалаевіч усё жыццё працаваў на тэхніцы. Некаторы час муж і жонка разам ішлі штораніцы на кардонную фабрыку. Той час успамінаюць з асалодай, таму што прадпрыемства выдзяляла аўтобус і арганізоўвала шмат экскурсій па ўсім Савецкім Саюзе. Фотаздымкі сямейнай пары з тых часоў нагадваюць пра былыя гады.
Мае субяседнікі называюць сябе шчаслівымі людзьмі. Бог падараваў ім траіх дзяцей, чатырох унучак і ўнука. Ёсць ужо і праўнучка.
— Галоўнае ў жыцці — каханне. Мы рады, што столькі гадоў разам. У сямейным жыцці па-рознаму бывае, аднак трэба ўмець слухаць адзін аднаго і саступаць. І, безумоўна, любіць і шанаваць чалавека, які побач. Іншых сакрэтаў шчасця не існуе, — расказвае Марыя Новік. — Хутка дзве нашы ўнучкі пойдуць замуж. Ім я таксама кожны раз паўтараю гэтыя словы.
Расказваючы пра сям’ю, Раман і Марыя Новікі шмат цёплых слоў сказалі пра сваю нявестку Алену. Яна жыве ў суседняй вёсцы Светлы Бор і заўсёды дапамагае свекрыві і свёкру.
— Яна для нас як родная дачка, — у адзін голас гавораць гаспадары.
Яны вельмі любяць, калі вялікая сям’я збіраецца разам:
— У такія часы разумеем, што наша сустрэча была невыпадковай…