На Пухавіччыне пачалася пасяўная кампанія

На палі пасля зімовага перапынку выехалі сеялкі. Земляробы гаспадарак пачынаюць засяваць яравы клін з аўса: для гэтай культуры сфарміраваліся спрыяльныя кліматычныя ўмовы. Павел Валасевіч з ААТАграсімвал”  у панядзелак першы ў сельгасарганізацыі прыступіў да сяўбы. З механізатарам сустракаемся на полі каля аграгарадка Гарэлец. Апошняя праверка  асноўных вузлоў і механізмаў агрэгата — і  можна пачынаць работу.

Павел Валасевіч

Павел Валасевіч

— Гэта ўжо трэцяя пасяўная кампанія з маім удзелам. Спадзяюся, і яна будзе паспяховай, — расказвае Павел. — Сезон толькі пачаўся, наперадзе чакае вялікі аб’ём працы. Думаю, усёй дружнай камандай мы зможам дасягнуць добрых вынікаў напрыканцы.

Поле, на якім працуе Павел Валасевіч, ужо цалкам падрыхтавана да сяўбы. Услед за пасяўным агрэгатам глебу апрацоўвае дыскатар.

—  Сяўба — заўсёды адказны перыяд і для агранамічнай, і для інжынернай службаў гаспадаркі, бо нельга  губляць каштоўныя вясеннія дзянькі на прастоі па розных прычынах. Хочацца, каб такія сітуацыі нас абышлі, — гаворыць  аграном-хімік Аляксандр Шчэпаў. — Як звычайна, сяўбу пачалі з аўса.  Яго пасеем на плошчы 50 гектараў. Пасля будзем сеяць ячмень. Пад яго адведзена 350 гектараў. А яшчэ пасеем  350 гектараў пшаніцы і 600 гектараў кукурузы.

Калі  час  яравых  культур  яшчэ  наперадзе, то азімыя збожжавыя ўжо патрабуюць увагі. Па словах Аляксандра  Вітальевіча, збожжавыя культуры на палетках гаспадаркі перазімавалі добра, бо зіма сёлета была шчодрай на снег. Стан азімага рапсу аграном-хімік ацаніў здавальняюча: месцамі гэтая  алейная культура падмерзла, але кропка росту ў раслін захавалася.У панядзелак, калі мы наведалі ААТ “Аграсімвал”, Сяргей Пікулік на агракомплексе “Раса” вёў падкормку азімага жыта каля вёскі Пцічанскае. У адным звяне з механізатарам працавалі Анатоль Лабанок і Пётр Мотуз, яны  падвозілі  вадкія  азотныя  ўдабрэнні.

Сяргей Пікулік, Пётр Мотуз,Аляксандр Шчэпаў.

Сяргей Пікулік, Пётр Мотуз,Аляксандр Шчэпаў.

—  Шосты сезон ужо працую на “Расе”. Азімыя збожжавыя культуры мы пасеялі на розных палях, некаторыя размешчаны на значнай адлегласці. Уносім КАС спачатку на ўсіх палетках у адной мясцовасці, затым пераязджаем у іншую. Гэта дазваляе значна сэканоміць паліва, — адзначае Сяргей Пікулік. — У дзень апрацоўваем удабрэннямі  не менш, чым 100 гектараў  глебы. Працуем у полі з ранку да вечара, але нават і не заўважаем, як хутка пралятае час. У поле нам дастаўляюць гарачыя комплексныя абеды. У нашай сталовай гатуюць заўсёды смачна.

Падкормка азімых збожжавых культур у гаспадарцы ўжо завершана.  Механізатары накіраваліся на палі з азімым рапсам. Вясной у земляробаў клопатаў шмат. Іншыя механізатары сельгасарганізацыі зараз уносяць арганіку.  Праца наладжана комплексна і арганізавана. На рахунку кожны пагодлівы дзень, бо надвор’е ў любы момант бескантрольна можа ўмяшацца ў планы механізатараў.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *