Запрашаем на выставу

DSCN1163 (копия)“Палітра дзіцячай творчасці” — так называецца выстава работ навучэнцаў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі  “Світанак”, якая зараз працуе  ў  мастацкай  галерэі  раённага краязнаўчага музея.

—  Для  нас  гэта  мерапрыемства традыцыйнае, — расказала дырэктар цэнтра Вольга Корань.

—  Гэта своеасаблівая прапаганда дзіцячай творчасці.  Выстава, якая працуе не адзін дзень, дае магчымасць пазнаёміць жыхароў горада і раёна з лепшымі работамі таленавітых дзяцей, прадставіць  разнастайныя  накірункі дзейнасці творчых гурткоў  і  аб’яднанняў “Світанка”.

Сёння ў цэнтры  працуюць тры студыі, якія маюць найменне “народная”: “Мар’інка”, “Фантазія”, “Кераміка і ганчарства”.  Народная лялька і касцюм,  праца з бісерам і вязанне кручком, вырабы са скуры і ганчарнае майстэрства —  вось толькі некаторыя напрамкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці,  якія вывучаюць   дзеці  пад  кіраўніцтвам такіх вопытных педагогаў дадатковай адукацыі, як Ларыса Гняўчынская, Таццяна Харытончык, Юлія Валуева і іншыя, — патлумачыла Вольга Аляксандраўна.

Навучэнцы разам з педагогамі займаюцца і праектнай дзейнасцю. На выставе можна пазнаёміцца з праектамі народнай студыі “Фантазія” “Лялька ў беларускай сям’і” і народнай студыі “Кераміка і ганчарства” “Казачны лес” (беларуская гліняная цацка), якія былі прадстаўлены  на  рэспубліканскім  конкурсе  праектна-даследчых  работ  “Цацка” і атрымалі дыпломы  III ступені.

Адкрыццё выставы адбылося 22 сакавіка.  Цырымонія  прайшла вельмі цёпла. Каб настроіць дзяцей, якія прымалі ўдзел у  мера-прыемстве, на адпаведны лад, цэнтр дзіцячай творчасці “Світанак” падрыхтаваў некалькі  канцэртных нумароў: на імправізаванай пляцоўцы выступалі юныя вакалісты і баяністы. А затым  госці змаглі  па-знаёміцца  з выставай і задаць пытанні педагогам, якія ахвотна расказвалі  аб тым, чаму можна навучыцца ў творчых аб’яднаннях  “Світанка”.

Выстава  працягвае працу, арганізатары запрашаюць наведаць яе і дзяцей, і дарослых.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *