Праект для дзяцей і бацькоў

003 (копия)Раскажам  казку  разам…

Дзеці з рознаўзроставай групы «Семицветик» цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці бачаць сваіх бацькоў не толькі ў звыклай хатняй абстаноўцы, але іна сцэне.

Акцёрскую прафесію таты і матулі набываюць разам са сваімі сыночкамі і дочкамі дзякуючы новаму музычна-тэатральнаму праекту, які ў гэтым годзе рэалізуюць у сваёй групе выхавальнік Ірына Воўчанка і музычны кіраўнік Людміла Антонава.

Ірыну Мікалаеўну я ведаю як педагога, які нядаўна з вялікім энтузіязмам і даволі паспяхова займаўся са сваімі выхаванцамі навукова-даследчай дзейнасцю. А цяпер тэатр?

— Роўна год таму да сакавіцкіх святаў мы падрыхтавалі танец дачок і татаў, — расказвае Ірына Воўчанка. —  Самі не чакалі, што атрымаецца выключна пазітыўны і кранаючы нумар. І вось тады з’явілася ідэя ў будучым цясней працаваць з бацькамі менавіта ў дадзеным накірунку, таму што дзеці ад такога супрацоўніцтва былі проста ў захапленні.

Восенню ў групе правялі своеасаблівую «Хвіліну славы» для бацькоў — свята «Алё, мы шукаем таленты!». І знайшлі талентаў нямала.

— Гэтыя самыя таленты сыгралі для сваіх дзяцей казку-экспромт «Церамок». Па рэакцыі  малых,  з  радасцю  пазнаваўшых у казачных персанажах сваіх бацькоў, мы зразумелі, што ўсё робім правільна, — кажа Людміла Антонава.— І тады пачалі працаваць над мюзіклам «Пад грыбом» па казцы Уладзіміра   Суцеева. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. Радаваліся і дзеці, і бацькі. І нельга сказаць, хто больш. Сумесная праца сапраўды прынесла шмат станоўчых эмоцый і пазітыву. Так быў створаны арт-праект «Музычна-тэатральная гасцёўня «Сіняя птушка», галоўная мэта якога — развіццё творчых здольнасцей дзетак, сумесны з бацькамі ўдзел у пастаноўцы спектакляў. Мы ўжо на практыцы пераканаліся, што тэатральная дзейнасць вучыць дзяцей быць эмацыянальнымі і ўпэўненымі, свабодна адчуваць сябе на сцэне, а дарослых робіць крыху… дзецьмі, што таксама вельмі карысна для ўсіх.

Напэўна, менавіта таму на ўдзел у наступным мюзікле па матывах казкі «Кошкін дом» нават угаворваць нікога не прыйшлося. Прэм’ера спектакля «Добрыя суседзі» была прымеркавана да 8 Сакавіка.

У новым мюзікле, дарэчы, удзельнічалі не толькі бацькі і дзеці, але і выпускнікі групы Ірыны Воўчанка, якія ўжо вучацца ў школе, аднак сувязі з садком не губляюць. Максім Лісоўскі, Вера Паўлоўская, Варвара Ануфрыева, Дзяніс Ніколенка, Захар Хвастоў вельмі дапамаглі маленькім акцёрам.

І зноў было мора радасці ад сумесных рэпетыцый і самога прадстаўлення з песнямі і танцамі.

— Пасля   працы  таты  і  матулі  добрасумленна  прыходзяць на рэпетыцыі, сустракаюцца з выхавацелямі, праводзяць час разам з дзецьмі, — кажа Ірына Воўчанка.  — Сумесная праца і агульныя інтарэсы, пагадзіцеся, гэта тое, што сёння вельмі патрэбна. Замест таго, каб прыйшоўшы дадому, кожнаму заняцца сваёй справай, сям’я займаецца справай агульнай.

Акрамя рэпетыцый, бацькі ўдзельнічаюць і ў падрыхтоўцы касцюмаў для спектакляў, аказваючы пасільную дапамогу работнікам дзіцячага садка. Пахомавы, напрыклад, для першага спектакля зрабілі выдатны капялюш для грыба. А Сяргей Дулепа ў гэты раз зрабіў кветкі для танца дзяўчынак. Увогуле, працуюць усе. І нікога прымушаць не патрэбна.

Гэта сведчыць аб тым, што з праектам выхавальнікі  не памыліліся. Цікавасць да яго вялікая. Так, можа стацца, што да наступнай раздачы роляў прыйдзецца для бацькоў і кастынг праводзіць.

А вось дзеці ўдзельнічаюць усе без выключэння. Улічваючы той факт, што група рознаўзроставая, самыя маленькія цягнуцца за больш дарослымі і ў выніку нічым не саступаюць ім. І ў гэтым таксама ёсць станоўчы момант ад музычнага праекта.

Паспяховая «спроба пяра» прымусіла ініцыятараў задумацца над тым, каб  далей працягнуць працу ў гэтым напрамку і абагульніць вопыт ужо на абласным узроўні.

Алена   ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *