Раздзельны збор смецця павінен стаць правілам

IMG_1315Навошта тры мульцяшныя яноты, героі аднаго з самых папулярных сёння рэкламных відэаролікаў, адстукваюць барабанны дроб па кардоннай скрынцы, шкляных слоіках і жоўтым пластмасавым прадмеце? Не, гэта не рэпетыцыя мульцяшнага ансамблягэта такі своеасаблівы заклік успомніць, для чаго на кантэйнерных пляцоўках ля нашых дамоў стаяць рознакаляровыя кантэйнеры. «Глядзіце і вучыцеся ў самых мілых экспертаў па смеццевых справах! — спрабуюць данесці да нас ідэю стваральнікі рэкламы аб паасобным зборы бытавых адходаў. — І рабіце гэта ўжо сёння, таму што мы спазняемся ў дадзеным пытанні ў параўнанні з еўрапейскімі краінамі, якія даўно зразумелі неабходнасць выкарыстання другаснай сыравіны».

З выхадам гэтага відэа беларускі «Аператар другасных матэрыяльных  рэсурсаў» аб’явіў пра   старт   чарговай   акцыі    «Яноты-барабаншчыкі сартуюць смецце» з надзеяй, што да сартавання далучацца нават тыя, хто раней ніколі не задумваўся аб экалагічных пытаннях. А, між іншым, менавіта мы самі найперш нясём  адказнасць за  правільную ўтылізацыю бытавых адходаў.

Калі шчыра, то асабіста я, напрыклад, выдатна гэта заўсёды разумела і заўсёды была за тое, каб збіраць смецце паасобна. На ўласным вопыце ведаю, што «перабудова» адносін да гэтага пытання зойме ў нас роўна столькі часу, колькі яго трэба для пакупкі дадатковай ёмістасці для збору смецця. Потым працэс, паверце, будзе дастаўляць адно толькі задавальненне, таму што, аддзяляючы адно ад другога, ты пачнеш  адчуваць свой непасрэдны ўдзел у значнай справе — захаванні (і не шукайце ў словах асаблівага пафасу!) жыцця на Зямлі.

Тым не менш, калі б мяне спыталі да сённяшняга дня, ці шмат я са сваёй свядомасцю адсартавала, то мне давялося б даць адмоўны адказ. Спробы ў кантэйнер са шклом ці пластыкам адправіць адпаведныя адходы заканчваліся толькі тым, што яны адпраўляліся да агульных. Дзе ж тады быў сэнс?

Але на мінулым тыдні я з задавальненнем заўважыла на кантэйнернай пляцоўцы ля свайго дома новыя кантэйнеры, якія, акрамя надпісаў, ужо самі «матываваны»  збіраць  толькі  канкрэтныя адходы: цэлы пакет са смеццем у шчыліну такога кантэйнера запіхнуць можна хіба толькі з прычыны ўласнай шкоднасці.

— Вясна пачалася з таго, што мы ўстанавілі  і  працягваем  у  дадзены момант ўстанаўліваць новыя еўракантэйнеры, набыць якія дапамог ДУ «Аператар другасных рэсурсаў», — расказвае Юлія Кунец, начальнік участка па нарыхтоўцы і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў УП «Жылцепласэрвіс» КГ. — Атрымана 196 еўракантэйнераў для паасобнага збору адходаў. 78 — для шкла, па 59 — для паперы і пластыка. Першымі новыя кантэйнеры ўбачылі жыхары Новай Зары, дзе мы ўстанавілі 42 кантэйнеры.

Трэба сказаць, што вывозіць сартаваныя адходы будуць два новыя смеццявозы, гатовыя ўжо да таго, каб упершыню выйсці па запланаваным маршруце.  Гэта адбудзецца  на  бягучым  тыдні.

А што адбылося на мінулым? Ці сталі запатрабаванымі новыя кантэйнеры або пакуль стаяць для антуражу?

— Мы спецыяльна праз колькі дзён выйшлі з праверкай на кантэйнерныя пляцоўкі, — гаворыць Юлія Кунец. — Хацелася зразумець, наколькі ўсё ж гатова насельніцтва для сартавання бытавых адходаў. Агледзелі 7 пляцовак. Было прыемна ўбачыць, што кантэйнеры не пустуюць, а людзі правільна імі карыстаюцца. Спадзяёмся, што актыўнасць будзе расці з кожным днём. Так мы зробім значны крок наперад у пытанні выкарыстання другаснай сыравіны.

У бліжэйшы час лік такіх кантэйнераў у горадзе вырасце да 102 штук. 45 будуць устаноўлены ў Дружным, 36 — у Свіслачы і 18 — у Рудзенску.

Акрамя таго, камунальнікі нагадваюць, што прадпрыемствам ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове і ў поўнай камплектацыі збор складанай бытавой тэхнікі (халадзільнікі,  тэлевізары, камп’ютары, газавыя і электрычныя пліты, пыласосы), якая выйшла з ужытку.  Перасоўны прыёмны пункт  працуе  па  заяўках  (тэл.: (8-044) 799-61-17, (8-044) 506-06-20 з 8 да 17 гадзін  у рабочыя дні). У аграгарадкі перасоўныя пункты прыязджаюць па графіку.

Працуюць і 7 стацыянарных пунктаў прыёму другаснай сыравіны. Увогуле, умовы для прымянення нашага свядомага стаўлення да пытанняў сартавання адходаў становяцца з кожным днём усё лепшымі. А таму  далучайцеся да пацешных янотаў-сартавальнікаў і рабіце карысную справу!

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *