ПСУ “Рудзенскае” УП “Мінскметрабуд” завершыла сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур.

Андрэй Яноўскі і Ігар Блашко

Андрэй Яноўскі і Ігар Блашко

— Яравы клін збожжавых сёлета склаў 600 гектараў. Большую частку —  356 гектараў — адвялі пад  пшаніцу. Куплялі насенне эліты. Кожны год абавязкова займаемся сортаабнаўленнем, каб сарты культур не гублялі свой патэнцыял, — расказвае галоўны аграном Васіль Васюцінскі. — Пасеялі 121 гектар ячменю сартоў “Бровар” і “Фэст”.  Авёс  на нашых палях займае 31 гектар.

Яшчэ ў  гэтым годзе на 30 гектарах пасеяна  яравое трыцікале.  Гэтая культура стабільная па ўраджайнасці. Яшчэ адзін яе плюс: трыцікале можна сеяць на тарфяніках. Такіх зямель у нас нямала.

Тут спадзяюцца на добры ўраджай, але ў сельскай гаспадарцы многае залежыць ад надвор’я. Работу будуць ацэньваюць  пазней, пасля жвіва.

— Я працую  ў сельскагаспадарчай галіне шмат гадоў. Кожны сезон можа здзівіць. Не прыпомню, каб з году ў год былі аднолькавыя ўмовы надвор’я.  Цяперашнія замаразкі ў красавіку нечаканыя, але я добра памятаю часы, калі мінусавая тэмпература была ў чэрвені, — працягвае Васіль Іванавіч.

На сяўбе ў гаспадарцы шчыраваў  Ігар Блашко. Для механізатара гэта ўжо дзявяты сезон.

— Я шмат гадоў працую ў адным звяне з Андрэем Яноўскім, які падвозіць насенне. Ён працуе на нашым галаўным прадпрыемстве УП “Мінскметрабуд”, —  гаворыць  Ігар  Сямёнавіч.

Зараз Ігар Блашко сее аднагадовыя травы. У гаспадарцы маюць намер  палепшыць кармавую базу для жывёлы.  Ужо пасеяна 177 гектараў канюшыны. Гэта і каштоўны корм для жывёлы, і добры папярэднік для збожжавых культур наступнага года. 

2 (копия) 2

Дзмітрый Шэлег

Дзмітрый Шэлег гэтымі днямі  сее люцэрну.  У пачатку сезона  механізатар уносіў мінеральныя  ўдабрэнні.

Сельгасарганізацыя забяспечана азотнымі ўдабрэннямі  на 81 працэнт, фосфарнымі — на  60 працэнтаў, калійнымі — на 70. 700 гектараў азімых збожжавых і 237 гектараў рапса ўжо падкармілі. Прыступілі да другой падкормкі гэтай алейнай культуры, аднак маразы прыпынілі работу.

— Засталося другі раз падкарміць 39 гектараў азімага рапсу, — дадае Васіль Васюцінскі. — Таксама мы правялі хімпраполку 77 гектараў азімай пшаніцы і азімага трыцікале.

Праца на палетках гаспадаркі разгарнулася шырокім фронтам. Стараюцца ўсе земляробы. Ворыва пад яравую сяўбу правялі восенню. Малады і старанны  механізатар Павел Крывашэеў займаўся  падрыхтоўкай глебы. На ўнясенні мінеральных удабрэнняў былі задзейнічаны Мікалай Нікіценка і Іван Паддубоцкі.

Побач з мясцовымі механізатарамі на рудзенскіх палетках  працуюць  спецыялісты з УП  “Мінскметрабуд”. Зараз іх звяно ўносіць арганіку пад кукурузу.  Таксама прадпрыемства дапамагае ПСУ “Рудзенскае” тэхнікай. 

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *