У земляробаў ААТ “Голацк” на  парадку  дня — кукуруза.

Дзмітрый Хазянін.

Дзмітрый Хазянін.

Ладзяцца справы ў земляробаў ААТ “Голацк”. Завершана сяўба яравых збожжавых культур, падкормлены азімыя. Зараз на парадку дня — сяўба кукурузы. Голацкія механізатары — адны з лепшых у раёне на гэтым відзе палявых работ. План сяўбы — 600 гектараў. На раніцу пятніцы пасеяна 250 гектараў.

— Другі тыдзень дзве нашы сеялкі працуюць на палях. Пакуль плануем цалкам сеяць кукурузу толькі на сілас, — расказвае галоўны аграном Анатоль Колтун. — Напярэдадні закупілі 14 тон насення.   Падрыхтоўкай глебы займаліся Павел Шыдлоўскі і Сяргей Нежавец. Стараемся ўкласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы. Спрыяльнае надвор’е для нас зараз самы важны фактар.

Сяргей Гасюк і Дзмітрый Хазянін,  якім сёлета даручана сеяць “каралеву палёў”, спадзяюцца, што  надвор’е не парушыць іх планы.  Механізатары стараюцца перавыконваць норму: яны зацікаўлены раней закончыць сяўбу і атрымаць добры заробак. Галоўны аграном ахарактарызаваў сейбітаў як адказных і працавітых  земляробаў.

— Я чатыры гады таму атрымаў новы трактар, з тых часоў штогод сею кукурузу. Усяго ж у гаспадарцы працую 6 гадоў, — расказаў Дзмітрый Хазянін. — Увесь дзень зараз у полі, сюды ж прывозяць абеды і падвячоркі. Пасля заканчэння сяўбы буду праводзіць  хімпраполку кукурузы.

Гэтая культура — важны кампанент у рацыёне жывёлы. Аднак у ААТ  “Голацк” стаўку робяць не толькі на “каралеву палёў”, але і на травы. У комплексе з іх атрымліваюцца карысныя і сакавітыя кармы для жывёлы.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *