На палетках раёна завяршаецца ўборка азімай свірэпіцы.
На палетках раёна завяршаецца ўборка азімай свірэпіцы на корм жывёле. У ліку першых з гэтай задачай справіліся ПСУ “Рудзенскае”, ЭБ “Зазер’е” і ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. Земляробы з “Індустрыі” сёлета атрымалі высокую ўраджайнасць гэтай алейнай культуры — 104,6 цэнтнера з гектара.
— Свірэпіца добра перазімавала, мы своечасова яе падкармілі — адсюль і высокая ўраджайнасць, — гаворыць галоўны аграном Сяргей Алесік. — Гэта культура непатрабавальная ў вырошчванні. Да таго ж, яна багата бялком, які неабходны ў рацыёне жывёлы.
55 гектараў азімай свірэпіцы ўбіраў Аляксандр Назаранка. Ён першы сезон задзейнічаны на гэтым відзе палявых работ. Пасля зялёную масу на тры фермы развозіла каманда вадзіцеляў. У дзень, калі мы завіталі ў гаспадарку, разам з Аляксандрам Назаранка працаваў вадзіцель Анатоль Бязродны.
Азімая свірэпіца — прамежкавая культура, яна не займае спецыяльнага поля ў севазвароце. Следам за кормаўборачным камбайнам на скошаныя палеткі выйдзе трактар з плугамі, каб правесці ворыва і падрыхтаваць глебу пад сяўбу іншай культуры. Земляробы плануюць яшчэ пасеяць на гэтых землях кукурузу.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.