На даільна-малочным блоку “Ямнае”— лепшыя вытворчыя паказчыкі ў ААТ “Вецярэвічы».

Наталля Меркуль.

Наталля Меркуль.

Даільна-малочны блок на малочнатаварным комплексе “Ямнае” ААТ “Вецярэвічы” пабудавалі два гады таму. За гэты невялікі адрэзак часу новая тэхналогія даення жывёл сябе поўнасцю  апраўдала. Сёння на  ДМБ “Ямнае” — лепшыя вытворчыя паказчыкі ў гаспадарцы. 

Тут утрымліваецца 323 каровы, дойны статак складае 204 рагулі.  На комплексе  арганізавана трохразовае даенне. Жывёла ўвесь час знаходзіцца на стойлавым утрыманні, аднак гэта не перашкода для атрымання пастаянных высокіх надояў.

— З пачаткам летне-пашавага перыяду вытворчыя паказчыкі заўсёды павышаюцца. Мы не выпасаем сваю жывёлу, аднак за кошт добрага збалансаванага рацыёну яна дае больш малака, — расказвае загадчыца  МТК “Ямнае” Наталля Меркуль.  — Зараз да сенажу, сіласу таксама дабаўляем свірэпіцу, камбікармы, муку фуражную. Разам усё гэта дае добры вынік. Напрыклад, сярэднясутачны надой на карову ў першацёлак  складае 18,5 кілаграма малака.

Аксана Шэнда.

Аксана Шэнда.

Малако забяспечвае фінансавую стабільнасць кожнай гаспадаркі, таму жывёлагадоўлі ўдзяляецца значная ўвага. На малочнатаварным комплексе “Ямнае” клапоцяцца таксама і пра будучае пакаленне статку. Асобна ўтрымліваюцца нецялі, першацёлкі і высокаўдойныя каровы.

— Толькі  ў гэтым месяцы ў нас 18 расцёлаў, — працягвае Наталля Меркуль. — І  гэта пакуль не канчатковая лічба.

На малочнатаварным комплексе склаўся праца-віты калектыў. Тройчы на дзень прыходзіць на працу Вікторыя Сідлерава. Яе абавязак  — даглядаць цялят.

— Я працую тут крыху больш за год,  працу сваю люблю, — гаворыць Вікторыя Алегаўна.  — Даглядаю цялят ад нараджэння да 2-3 месяцаў.  Яны як дзеці, да кожнага трэба знайсці падыход. За гэта, напэўна, і падабаецца вы-браная справа.

 Аператары  машыннага даення Аксана Шэнда і Наталля Сысава таксама не так даўно працуюць  на комплексе, аднак  маюць  больш за 20 гадоў вопыту працы ў сельскай гаспадарцы кожная.  Прызвычаіліся яны і да працы на даільна-малочным блоку: цяпер даіць атрымліваецца значна хутчэй.

Фёдар Прымак.

Фёдар Прымак.

— Усе нашы работнікі па-асабліваму ставяцца да жывёлы, любяць яе і адказна выконваюць свае абавязкі, —  працягвае загадчыца Наталля Меркуль. —  Слесар Фёдар Прымак сочыць, каб усё абсталяванне спраўна працавала. У  сельскай гаспадарцы Фёдар Фёдаравіч працуе ўжо 20 гадоў.  Самыя добрыя словы магу сказаць і пра нашых жывёлаводаў.

Цёплыя словы, у сваю чаргу, казалі  самі работнікі  пра Наталлю Меркуль. Яна трэці год узначальвае малочнатаварны комплекс. Хутка  на яго тэрыторыі  з’явіцца клумба: жанчыны, нягледзячы на шчыльны графік працы, знаходзяць час пагаспадарыць і тут.

Малочнатаварны ком-плекс “Ямнае” адметны не толькі сваімі вытворчымі паказчыкамі і дагледжанай тэрыторыяй.

Цікавы і той факт, што тут працуе адразу некалькі шматдзетных мам. У Аксаны Шэнда пяцёра дзяцей,  у Наталлі Сысавай — трое. У  Наталлі Меркуль чацвёра  дзяцей і ўжо шэсць унукаў. Слесар Фёдар Прымак — шматдзетны бацька: у яго пяцёра дзяцей. Па словах субяседнікаў, падтрымка родных і сямейнае цяпло дае ім шмат сіл і энергіі для працы.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *