У Мар’інай Горцы адзначылі Дзень абароны дзяцей.

DSCN3056 (копия) 2“Сонейка прамяністае”  —  менавіта так называлася свята, якое раённы цэнтр культуры падрыхтаваў для самых юных жыхароў і гасцей  Мар’інай Горкі ў Дзень абароны дзяцей, які ў нашай краіне адзначаецца 1 чэрвеня.  Нягле-дзячы на тое, што неба зацягнулі хмары, на плошчы перад раённым цэнтрам культуры  панаваў па-сапраўднаму сонечны настрой.

Ды і само Сонейка нікуды не знікла, а пераўтварылася ў казачную гераіню.  А яна разам  са сваімі сябрамі Прыгам и Скокам  арганізавала самы сапраўдны парад песень і ўсмешак.  Дапамагалі казачным героям у гэтай адказнай  справе юныя артысты: канцэртныя нумары для дзяцей падрыхтавалі іх равеснікі.  Не засталіся ў баку ад такой важнай справы і творчыя групы Блонскага, Дрычынскага, Пухавіцкага, Ананіцкага, Светлаборскага і Навасёлкаўскага сельскіх  Дамоў культуры. З гульняў і вясёлых конкурсаў яны склалі свае праграмы і запрасілі прыняць у іх удзел усіх дзяцей, якія прыйшлі на плошчу.  Дзякуючы аніматарам, у ролі якіх выступілі маладыя артысты раённага цэнтра культуры, удзельнікі свята хутка падзялілася на каманды і з вялікім задавальненнем   прымалі ўдзел у забаўных эстафетах і цікавых віктарынах.

Акрамя канцэртнай праграмы, на плошчы былі і іншыя цікавыя рэчы. Дзіцячая бібліятэка арганізавала выставу кніг, а раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”  — бяспройгрышную латарэю.  Можна было зрабіць прыгожы аквагрым. Працавалі гандлёвыя палаткі.

Для тых, хто не паленаваўся і прыйшоў 1 чэрвеня  на плошчу да раённага цэнтра культуры,  канікулы  пачаліся  з цікавай і вясёлай падзеі. Будзе цудоўна, калі  для ўсіх пухавіцкіх школьнікаў  цікавымі  справамі напоўніцца кожны дзень лета.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *