У гаспадарках раёна вядзецца нарыхтоўка кармоў.

IMG_1557 (копия)У гаспадарках раёна — адказная пара.  Зараз вядзецца нарыхтоўка кармоў.  Яшчэ з вясны не спрыяла аграрыям надвор’е. Таму палеткі не радуюць добрым травастоем. Гэта адзначаюць і спецыялісты гаспадарак, і маханізатары, якія працуюць на нарыхтоўцы зялёнай масы.

Да  касавіцы ў  сельгасфіліяле «Дрычын»  падрыхтавалі тры кормаўборачныя камбайны, напярэдадні  праверылі,  як працуюць яны ў полі. Першым укосам трэба ўбраць травы на плошчы 743 гектары. Тут ужо скасілі 116 гектараў, усе  яны  — на рахунку  вопытнага  механізатара Анатолія Сянько.

Пачалі закладваць    зялёную  масу ў сянажную траншэю каля малочнатаварнай фермы «Сетча».  Плануюць сёння-заўтра завяршыць тут работу.  На трамбоўцы кругласутачна працуе магутная тэхніка «Амкадор»  і «Кіравец». За якасцю нарыхтоўкі і закладкі кармоў сочыць галоўны  аграном Галіна Сіпач.  Каля тысячы тон сенажу будзе закладзена ў гэту траншэю. Падрыхтавана яшчэ адна  сянажная  траншэя  на малочнатаварным комплексе «Новае Сяло».

На пачатку гэтага тыдня   на  нарыхтоўцы кармоў працавалі два  кормаўборачныя камбайны, два трактары з граблямі, 7 адзінак тэхнікі  на адвозцы зялёнай масы.

Механізатар Уладзімір Забаўскі.

Механізатар Уладзімір Забаўскі.

Тры гады таму  механізатар   Уладзімір   Забаўскі  атрымаў новы трактар «Фэндт-933». На ім вясной рыхтаваў глебу да сяўбы, а  зараз возіць зялёную масу.

— У мінулым годзе працавалася весялей. Лепшыя былі травы, — гаворыць механізатар.  — Аднак сёлета трэба старацца яшчэ больш. Я прытрымліваюся правіла: калі прыйшоў на работу, трэба працаваць старанна.

Па-іншаму, відаць,  не прывык. Дастаткова глянуць на  яго трактар. Ён як новенькі, а гэта характарызуе механізатара, яго адносіны да справы.

— Я сваю тэхніку берагу, — усміхаецца Уладзімір Уладзіміравіч. — Можа, сыну пасля перадам. Ён зараз у ліцэі на механізатара вучыцца.

 Нарыхтоўка кармоў  толькі пачалася. Наперадзе нямалы аб’ём работ. І хаця ў гаспадарцы застаўся нядрэнны запас мінулагодніх кармоў, тут не збіраюцца збаўляць тэмпы ў рабоце. Бо, як вядома, запас бяды не чыніць, а, наадварот, зімой можа  прынесці дадатковы даход.

Вольга  УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *