У сталовай ААТ “Вецярэвічы” заўсёды смачны і гарачы абед.

С-1

Вольга Мачынская.

З пачаткам сезона земляробчых клопатаў праца кіпіць не толькі на палетках сельгасарганізацый,  але і  ў сталовых. Смачны і гарачы абед —  абавязковая падтрымка  працоўнага настрою механізатараў.

З самай раніцы шчыруюць у сталовай ААТ “Вецярэвічы” яе загадчыца Вольга Мачынская і памочнік повара Сняжана Казак. Жанчынам штодзень трэба накарміць каля сямідзесяці чалавек. Акрамя работнікаў сваёй гаспадаркі, яны таксама рыхтуюць абеды для земляробаў ААТ “Шацк”.

У меню — абеды, падвячоркі і вячэры. Спіс страў абавязкова ўзгадняецца з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

— Мне  падабаецца гатаваць. Заўсёды стараюся, каб было смачна, — расказвае Вольга Мачынская. — Спецыяльнай адукацыі я не маю, аднак кулінарыяй цікавілася заўсёды. Гэта праца не самая простая, за дзень, безумоўна, стамляюся. Аднак заўсёды іду ў сталовую з задавальненнем.

Вольга Міхайлаўна  працуе ў  сталовай ужо 15 гадоў. Калісьці трапіла сюды як памочнік повара. Праца зацікавіла, і жанчына засталася. Такі паварот лёсу адбыўся, напэўна, невыпадкова: усе кажуць, што Вольга Мачынская сапраўды на сваім месцы.

Мы завіталі ў сталовую. У памяшканні — прыгожа і ўтульна, аднак першае, што прыцягвае ўвагу, — апетытны водар толькі што прыгатаваных страў.  Загадчыца сталовай раскладвала абеды ў кантэйнеры,  каб вадзіцелі хутка даставілі механізатарам у поле гарачую ежу.

Вользе Мачынскай  і Сняжане Казак у гэты напружаны сельскагаспадарчы перыяд часта даводзіцца выходзіць на працу па суботах і нядзелях, бо механізатары шчыруюць на палях і ў выхадныя дні. Жанчынам працаваць ў такім рытме не ўпершыню. Яны паспяваюць і смачна накарміць усіх рупліўцаў на палетках, і спраўляцца добра са сваімі гаспадарчымі справамі.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *