Народнае свята “Купалле” прайшло пад музыку дажджу…

 

IMG_3612 (копия)

 

 

Хмары  над горадам увечары 6 ліпеня не спынілі гараджан, якія накіраваліся ў парк імя Любы Гайдучонак, каб прыняць удзел у народным свяце “Купалле”. Парк зазвінеў сотнямі  вясёлых маладых галасоў.  Прыйшлі і людзі сталага ўзросту.

Да пачатку тэатралізаванага прадстаўлення арганізатары свята прапанавалі  яго ўдзельнікам скараціць час вясёлымі спаборніцтвамі. Маладыя людзі з задавальненнем прынялі гэту прапанову. Многія не праходзілі міма гандлёвых палатак, якія вабілі салодкімі прысмакамі, шашлыкамі, сувенірнымі таварамі.

І вось усе сабраліся каля сцэны, дзе разгарнулася тэатралізаванае прадстаўленне “Купальская ноч”, якое падрыхтавала творчае аб’яднанне “Разам” Мар’інагорскага раённага цэнтра культуры. Ролі Купалінкі, Купаліша і іншых  персанажаў выконвалі маладыя работнікі  РЦК.

Спяваючы купальскія песні, народны калектыў фальклорнай песні “Зарачанка” Блонскага СДК прадэманстраваў гледачам абрад “Ачышчэнне праз вянок”. Цікавую святочную праграму прадставілі і госці свята — ансабль народнай песні “Зборная субота” Уздзенскага раённага цэнтра культуры.

У самы разгар  свята пайшоў дождж. Гледачы пакінулі пляцоўку пад адкрытым небам, але працягвалі слухаць песні і танцаваць пад кронамі  дрэў.

Дождж спыніўся, калі надышоў час кульмінацыйнага абраду — купальскага вогнішча. Агонь высока ўзняўся ў начное неба. Загучалі пажаданні  шчасця і радасці ў жыцці. Закружыўся  вясёлы карагод.

Андрэй  ГЕОРГІЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *