Плюс прыносіць карысць.

Вядома, для павелічэння абёмаў  вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі неабходна павышаць эфектыўнасць усіх работ у працэсе вытворчасці. Гэта  селекцыйная справа, стварэнне належнай кармавой базы, выкананне тэхналагнічных патрабаванняў… Вынікі работы ААТ “Аграсімвал” за першае паўгоддзе  ўказваюць на станоўчыя зрухі, што адлюстроўваецца прыкметнымі плюсамі ў паказчыках: у гаспадарцы ад кожнай каровы надоена на 289 кілаграмаў малака больш, чым за адпаведны перыяд мінулага  года,  а  сярэднясутачныя прыбаўленні жывёлы ў вазе на адкорме ўзраслі на 127 грамаў.

Вольга Фіневіч.

Вольга Фіневіч.

Начальнік малочнатаварнага  комплексу  “Бор” Сафія Рымша лічыць, што павелічэнне надояў і прываг абумоўлена тым, што з прыходам у гаспадарку новага кіраўніка актывізавалася работа па паляпшэнні пашаў. У мінулым годзе былі створаны дзве шматкампанентныя пашы агульнай плошчай 78 гектараў. А ўсяго перазалужэнне праведзена на плошчы 128 гектараў. Сёлета шматкампанентнымі травасумесямі было засеяна яшчэ 68 гектараў. На другіх пашах падсеяны люцэрна і канюшына. Вядома, добры корм — добрыя і надоі.

Дарэчы, нарыхтаваных у мінулым годзе травяністых кармоў хапіла для належнага кармлення жывёлы ў зімова-стойлавым  перыядзе, нават яшчэ і засталося ў запасе.

На МТК “Бор” утрымліваецца асноўны статак гаспадаркі: 1700 галоў, з іх 843 каровы. На малочна-даільным блоку знаходзіцца 259 кароў, якія раздзелены па групах: навацельныя, высокаўдойныя, старадойныя, сухастойныя. Астатняя жывёла выведзена на кругласутачныя пашы.

Таццяна Вейккалайнен.

Таццяна Вейккалайнен.

— Вынікі работы нашага малочнатаварнага комплексу сёлета прыкметна адрозніваюцца ад леташніх, — зазначае Сафія Іванаўна. — Ад  кожнай  каровы за паўгоддзе атрымана  малака  на  317  кілаграмаў больш, чым у  адпаведным перыядзе мінулага  года.  Зараз   штодня мы здаём дзевяць з паловай тон малака, з іх 65 працэнтаў класа “экстра”, астатняе — вышэйшым гатункам. Нашы аператары машыннага даення Таццяна Агейчанка  і  Таццяна Вейккалайнен надаілі за 6 месяцаў ад кожнай каровы па 2148 і 2105 кілаграмаў малака адпаведна.  Напрыклад,  у  Таццяны Вейккалайнен гэты паказчык на 408   кілаграмаў  вышэй за леташні.

Па прывагах  таксама плюсуем. У лідарах, як звычайна, Зіна Леўчык, якая ўжо 23 гады працуе на адкорме маладняку. За паўгоддзе сярэднясутачныя прыбаўленні жывёлы ў вазе ў яе групе склалі 650 грамаў, а ў чэрвені  дасягнулі 738 грамаў. Да цялятак яна адносіцца з вялікім  клопатам, вось і ёсць вынік.

Загадчыца малочнатаварнага комплексу добрымі словамі адзначыла і работу асемянатара Вольгі Фіневіч. За паўгоддзе на ферме ад  595 кароў  нарадзілася 298 цялятак, і яшчэ чакаецца атрымаць 230 галоў прыплоду.

Дырэктар гаспадаркі Юрый Плешавеня ў атрыманых плюсах бачыць уклад многіх жывёлаводаў і іншых работнікаў, у тым ліку загадчыцы  малочнатаварнай фермы “Гарэлец” Зінаіды Цымановіч і яе дачкі Марыі, якая працуе галоўным аграномам і займаецца паляпшэннем пашаў, а таксама механізатараў, якія задзейнічаны на нарыхтоўцы  кармоў  і абслугоўванні ферм.

Андрэй  МАЗАНІК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *