Ідуць работы па рамонту жыллёвага фонду.

IMG_2934Лета традыцыйна — час актыўных работ па рамонце жыллёвага фонду.

Работнікі камунальнага прадпрыемства вядуць запланаваныя на сёлетні год работы па аднаўленні асноўных спажывецкіх якасцяў дамоў, якія маюць патрэбу ў гэтым.

У бягучым годзе па праекце, рэалізаваным у мінулым годзе на суседнім доме, вядзецца рамонт дома №2 у Новай Зары (на здымку).

— Тут мы праводзім, бадай, самыя маштабныя работы, — каменціруе намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ Генадзь Пашнін. — Абследаванне паказала, што балконы ў гэтым доме знаходзяцца ў аварыйным стане. Таму, акрамя традыцыйных у рамках капрамонту работ па ўладкаванні сістэмы вентыляцыі, даху, адмосткаў, фасадных работ, мы дэманціравалі балконы. Замест іх будуць лоджыі.

Пасля завяршэння рамонту дома №2 мы будзем працаваць на доме №3. Плануем адрамантаваць яго таксама ў бягучым годзе.

Дах, міжпанельныя швы, адмосткі, уваходныя групы — такі аб’ём работ для падрадчыкаў (МПМК-14), якія сёлета рамантуюць дом №16 у Новай Зары.

Рамонты зменяць аблічча некалькіх дамоў і за межамі горада. “Памаладзеюць” два дамы ў пасёлку Свіслач, па адным — у Рудзенску і Габрыелеўцы.

Пакуль усе работы вядуцца згодна з планам. Прыцягваюцца бюджэтныя сродкі і адлічэнні грамадзян на капітальны рамонт.

Пры тым, што пасля заканчэння работ зменіцца да лепшага знешні выгляд старых шматпавярховак, добраўпарадкаванне пад’ездаў — справа саміх жыхароў.  Сабраўшы сродкі, яны маюць права знайсці падрадчыка (ім можа выступіць і камунальнае прадпрыемства, прапанаваўшы жыхарам растэрміноўку па выплатах да паўгода), які адрамантуе лесвічныя клеткі. Трэба сказаць, што на дадзеным этапе больш за 20 пад’ездаў у жылфондзе, што абслугоўваецца камунальнікамі, знаходзяцца ў нездавальняючым стане.

Алена  ІВАНОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *