Аграгарадок Шацк адзначыў юбілей.

IMG_7562 (копия)У мінулую суботу Шацк перагарнуў  чарговую старонку сваёй гісторыі. Юбілей аграгарадка — 525-годдзе — адзначалі  дружна і весела. Свята стала добрай нагодай для мясцовых жыхароў адкласці гаспадарчыя справы і адпачыць вялікай вясковай сям’ёй. Гасцей чакалі не толькі звыклыя песенныя і танцавальныя нумары, але і шмат прыемных сюрпрызаў. 

Асаблівая святочная атмасфера адчувалася ў аграгарадку задоўга да пачатку канцэртнай праграмы. Дзіцячыя атракцыёны, аквагрым, цір, палявая кухня, выстава карцін і ўпрыгожванняў са стужак ад мясцовых майстроў, сялянскі падворак, дзе можна было паласавацца разнастайнымі прысмакамі. Дзеці і дарослыя з цікаваIMG_7500 (копия)сцю далучаліся да прапанаваных забаў.

Святочная праграма пачалася з выступлення гурта “Квецень” Дружненскага сельскага Дома культуры.  Каля імправізаванай сцэны сабралося шмат людзей. Гучнымі апладысментамі яны віталі свайго земляка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерыя Гайдукевіча.

IMG_6910 (копия)— Заўсёды з пэўным хваляваннем прыязджаю ў Шацк, таму што тут прайшло маё дзяцінства, — сказаў у сваім віншаванні Валерый Уладзіміравіч. —  Не кожны горад можа пахваліцца  такой  цікавай  гісторыяй, як  наш  аграгарадок. Галоўным скарбам нашай зямлі заўсёды былі і застаюцца  людзі, таму  хачу падажаць усім  моцнага  здароўя і дабрабыту.

Павіншаваць жыхароў і гасцей Шацка прыехалі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рымашэўскі,  прафесар,  доктар  юрыдычных  навук  Таісія Доўнар, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Касмольская.  Уладзімір Рымашэўскі сваё віншаванне завяршыў урачыстым уручэннем   ганаровых  грамат старшыні  Шацкага сельвыканкама Уладзіміру Каралю, начальніку  аддзялення паштовай сувязі “Шацк” Мінскага філіяла РУП “Белпошта” Галіне Пранько, станочніку дрэваапрацоўчых станкоў  вытворчага майстэрскага ўчастка  “Шацк”  Пухавіцкага  лясгаса Юрыю Мірзамагамедаву.IMG_6822

Шмат добрых слоў і цёплых пажаданняў сказаў усім прысутным старшыня Шацкага сельвыканкама Уладзімір Кароль. Святочны  каравай  ад  жыхароў  аграгарадка  Уладзіміру Аляксандравічу ўручыла старэйшына вёскі Галіна Сяпіта.

 

Уладзімір Рымашэўскі і Ўладзімір Кароль.

Уладзімір Рымашэўскі і Уладзімір Кароль.

З прывітальным словам са сцэны да ўсіх гасцей свята звярнуўся дырэктар мясцовай гаспадаркі Пётр Макаравец. Ён уручыў падарунак старажылу сельгасарганізацыі Анатолю Бадытчыку, які доўгі час працаваў у калгасе  галоўным   інжынерам.  Механізатар Дзяніс Дубовік атрымаў падарунак як самы малады работнік ААТ “Шацк”.

Такія святы — добрая нагода прыгадаць гісторыю родных мясцін. Настаўніца гісторыі Шацкай сярэдняй школы Наталля Кароль зрабіла кароткі экскурс у гісторыю Шацка.  Першае пісьмовае ўпамінанне пра вёску Шацк адносіцца да 1492 года. Калісьці Шацк меў статус мястэчка — пераходнага населенага пункта ад вёскі да горада. У 40-я гады мінулага стагоддзя тут працавалі  крухмальны завод,  арцель па пашыве адзення.

На сцэне - ансамбль песні і танца Унутранных войск МУС РБ.

На сцэне — ансамбль песні і танца Унутранных войск МУС РБ.

Вайна прынесла шмат бяды на шацкія землі. Трагічныя старонкі ў гісторыі  пачаліся 30 чэрвеня 1941 года. Увечары таго дня каля вёскі Старынкі  адбыўся  бой. Загінулі ўсе салдаты Чырвонай Арміі, іх пахавалі ў брацкай магіле мясцовыя жыхары. Таксама падчас вайны ў Шацку фашысты забілі настаўнікаў мясцовай школы, былі расстраляны яўрэі. Загінула шмат мірных жыхароў і тых, хто пайшоў на фронт. 1 ліпеня 1944 года Шацк быў вызвалены. На свяце вёскі гучалі імёны ветэранаў і вязняў вайны.

Мясцовыя жыхары запрашалі на сялянскі падворак.

Мясцовыя жыхары запрашалі на сялянскі падворак.

Сёння ў аграгарадку пражывае 618 чалавек, з якіх дзевяць перасягнулі 90-гадовы рубеж. Уладзімір Кароль павіншаваў самага старэйшага жыхара Шацка — Таццяну Заўялаву (ёй 97 гадоў) і  самага маленькага жыхара аграгарадка — Данііла Міхалковіча, якому  ўсяго некалькі месяцаў.

Па традыцыі падчас свята вёскі адзначылі самую маладую сям’ю і пару, якая шмат гадоў жыве разам. Падарункі ад старшыні Шацкага сельвыканкама атрымалі таксама шматдзетныя матулі і гаспадары лепшай сядзібы.

Самы маленькі жыхар Шацка Данііл Міхалковіч разам з мамай Марыяй.

Самы маленькі жыхар Шацка Данііл Міхалковіч разам з мамай Марыяй.

На імправізаванай вулічнай сцэне гучалі ўсім знаёмыя і любімыя песні. Іх выконвалі Сяргей Варывончык, Галіна Меркуль і Ігар Андрыянаў, Лізавета Лужнецкая, Арцём Мельнічук,  Алена Гаранчук, Марына Саланец і іншыя. Гучнымі апладысментамі гледачы сустракалі ансамбль песні і танца Унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Сядзець на месцы падчас музычных кампазіцый было няпроста, таму самыя актыўныя выходзілі танчыць. Харэаграфічнымі нумарамі  парадаваў усіх танцавальны гурт “Вясёлка” Шацкай сярэдняй школы.

Гаспадары лепшага падворка Вольга і Аляксандр Катлінскія.

Гаспадары лепшага падворка Вольга і Аляксандр Катлінскія.

Свой юбілей Шацк адсвяткаваў маштабна і паказальна. Пад гукі марша па цэнтральнай вуліцы прайшоў узорна-паказальны аркестр Унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Яго выступленне падчас  дэфіле можна было  пачуць у любым  кутку  аграгарадка.

Упершыню ў свяце прымалі ўдзел воіны-спецназаўцы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Іх паказальныя выступленні сабралі, здаецца, усіх жыхароў Шацка і бліжэйшых вёсак. І дзеці, і дарослыя здзіўляліся мастэрству вайскоўцаў  і стараліся зрабіць здымкі і відэа на памяць.

Паказальныя выступленні воінаў-спецназаўцаў.

Паказальныя выступленні воінаў-спецназаўцаў.

— Варта адзначыць выдатную  арганізацыю  свята  і  падзякаваць усім, хто дапамог зладзіць гэта мерапрыемства. Дзень вёскі — перш за ўсё добрая магчымасць усім жыхарам сустрэцца і паразмаўляць, бо ў звычайныя дні ўсе займаюцца сваімі справамі, і на сумесны адпачынак не хапае часу, — гаворыць Таццяна Лужнецкая. —  У Шацк мы  пераехалі ўсёй сям’ёй з Мінска шэсць гадоў таму. За гэты час  прывыклі да гэтых мясцін. Шчыра прызнаюся, што вяртацца ў сталіцу не хачу.

Канцэртную праграму працягнула святочная дыскатэка. Жыхары  аграгарадка дружна  адпачывалі  да позняга вечара.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *