ПСУ “Рудзенскае”. Перад жнівом камбайны прайшлі выпрабаванне рапсам.

Гаспадаркі раёна завяршаюць уборку азімага рапсу на зерне. З кожным днём павялічваецца агульная колькасць убраных гектараў і намалочаных тон. На раніцу аўторка гэтыя лічбы складалі 4857 гектараў і 6915 тон адпаведна.

Некаторыя сельгасарганізацыі  ўжо  выканалі план па ўборцы гэтай алейнай культуры. У нядзелю з пастаўленай задачай справіліся таксама земляробы ПСУ “Рудзенскае”.

Аляксандр Юдзін.

Аляксандр Юдзін.

— Мінулай восенню мы пасеялі 237 гектараў азімага рапсу. Сёлета  зіма дазволіла яму добра перазімаваць, таму ўбіралі ўраджай без страт на ўсёй запланаванай плошчы, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Васіль Васюцінскі. — У мінулым годзе рапс быў запатрабаванай культурай, кошт на яго быў высокі. Вынікамі сёлетняга намалоту не вельмі задаволены. Мы атрымалі сярэднюю ўраджайнасць 17,1 цэнтнера з гектара.

Спачатку рудзенскія земляробы  выконвалі дзяржзаказ па рапсе. Астатнюю частку зерня высушылі і засыпалі  ў свае  засекі.  Атрыманае зерне кіраўніцтва сельгасарганізацыі плануе пазней  выставіць на продаж.

Рапс у ПСУ “Рудзенскае”  ўбралі за шэсць дзён. Пачыналі гэту работу  два камбайны,  пазней  да іх далучыўся яшчэ адзін. На адным з камбайнаў працаваў  Аляксандр Юдзін, астатнія механізатары былі  запрошаны з іншых арганізацый.

— Уборка азімага рапсу — добрая магчымасць праверыць тэхніку  і зернесушыльныя комплексы напярэдадні жніва. Сур’ёзных недахопаў выяўлена  не было, — працягвае Васіль Іванавіч. —  Падкрэслю, што рапс — добры папярэднік для іншых азімых культур.  Вызваленыя з-пад гэтай алейнай расліны ўчасткі мы зараз дыскуем, пазней будзем займацца ворывам, унясеннем удабрэнняў і падрыхтоўкай глебы. На адведзенай плошчы ў асноўным будзем сеяць азімую пшаніцу. Патэнцыял ураджайнасці ў азімых культур значна вышэй, чым у яравых.

Праз лічаныя дні пачнецца жніво. Хутка паспее азімая пшаніца, пасля  наступіць час  азімага трыцікале. Уборку збожжавых будуць пачынаць з тых участкаў, дзе глеба больш лёгкая, бо гэта ўплывае на вегетацыю раслін.

Абмалочваць збожжавыя культуры ў гаспадарцы будуць пяць камбайнаў. Тры з іх ужо прайшлі выпрабаванне рапсам. Завяршаецца падрыхтоўка астатняй збожжаўборачнай тэхнікі. Машыны і каманда вадзіцеляў ужо сфарміраваны.

Дні да старту ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы  імкнуцца  выкарыстаць з максімальнай карысцю. Паспелі травы другога ўкосу,  з якіх плануюць нарыхтаваць яшчэ некалькі тон сянажнай масы.  Таксама  земляробам трэба вывезці арганіку на палі, каб пасля ўнесці яе пад сяўбу азімых культур ураджаю 2018 года.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *