Хлебаробы ААТ «Агра-Абярэг» працягваюць жніво

Мікалай Паўлоўскі і Дзмітрый Сарноў

Мікалай Паўлоўскі і Дзмітрый Сарноў

Мехдвор ААТ “Агра-Абярэг” у гарачую пару жніва пусцее за некалькі хвілін. Роўнай шарэнгай  шэсць   камбайнаў   накі-роўваюцца на хлебную ніву. Яшчэ чатыры камбайны абмалочваюць збожжа на азярычынскіх палетках.

У гаспадарцы  штодзень падводзяць вынікі працы камбайнераў і вадзіцеляў. Кожны з іх робіць свой уклад у агульны каравай.  У  сельгасарганізацыі ўжо ёсць свае лідары на жніве. Сярод іх — Мікалай Паўлоўскі, які на раніцу аўторка ўбраў 248 гектараў і намалаціў 720 тон збожжа (разам  з  рапсам  і   шматгадовымі  травамі). Лепшы камбайнер сярод моладзі — Уладзімір  Асіпук. На  яго рахунку — 209 убраных гектараў і 667 тон намалочанага збожжа. Вадзіцель Андрэй Лабус перавёз 780 тон збожжа.

— Нас стрымлівае толькі надвор’е, —  гавораць камбайнеры гаспадаркі. — Здараецца, дождж пройдзе за некалькі хвілін, а пасля мы  чатыры гадзіны не можам працягваць уборку ўраджаю.

Тэму надвор’я мы закранулі і ў размове з галоўным  аграномам Раісай Есімчык. Яна таксама падкрэсліла, што “нябесная канцылярыя” задае земляробам свае тэмпы работ.

Камбайнер Уладзімір Асіпук

Камбайнер Уладзімір Асіпук

— Тым не менш, колас сёлета радуе. Мы спадзяёмся атрымаць высокую ўраджайнасць збожжавых. Пшаніца дакладна дасць больш за 50 цэнтнераў з гектара, ячмень — больш за 40. Будзе высокая ўраджайнасць і ў  трыцікале, — гаворыць Раіса Дзмітрыеўна. — Планку ў 10 тысяч тон збожжа павінны пераадолець.

Уборачная плошча ў ААТ “Агра-Абярэг” складае 2505 гектараў. Хлебаробы ўжо намалацілі 3510 тон. Найперш яны выконваюць дзяржзаказ: дзяржаве  сёлета трэба здаць 1600 тон збожжа. 600 тон жыта ўжо здадзена. На чарзе —пшаніца і ячмень. Пасля збожжа будуць засыпаць у свае засекі.

— На нашых палях усе культуры паспелі прыкладна адначасова. Зараз убіраем пшаніцу і ячмень. Абавязкова пастаянна сочым за вільготнасцю збожжа, — працягвае Раіса Дзмітрыеўна. — Кругласутачна працуюць нашы зернесушылкі.

Уборачная кампанія, безумоўна, напружаны час для ўсіх, аднак увесь наш калектыў зацікаўлены ў добрых выніках, таму замінак у працы няма.

Збожжа новага ўраджаю ўбіраюць вопытныя  камбайнеры Уладзімір Пакроўскі, Мікалай Паўлоўскі, Аляксандр Верасовіч, Сяргей Лабус, Сяргей Дулік, Анатоль Савіч. На Азярычынскім участку шчыруюць Павел Качын, Мікалай Ляпёшка, Іосіф Вільтоўскі і Уладзімір Асіпук.

На адвозцы задзейнічана таксама вялікая каманда вадзіцеляў. Кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася, каб за кожным камбайнам была замацавана свая машына.

Зладжана працуюць вадзіцелі Андрэй Лабус, Юрый Есімчык,  Уладзімір  Сянькевіч, Васіль  Моўчан,  Сяргей Бялевіч, Юрый Надуеў і іншыя.

Мікалай Ляпешка, Іосіф Вільтоўскі, Павел Качын

Мікалай Ляпешка, Іосіф Вільтоўскі, Павел Качын

Трэці год запар у адным экіпажы з Мікалаем Паўлоўскім працуе вадзіцель Дзмітрый Сарноў. Малады чалавек вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, а летам  працуе на  жніве. Для Дзмітрыя гэта добрая магчымасць не толькі зарабіць грошы, але і зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.

— Стараюцца ўсе, — падсумоўвае галоўны аграном. — Нікога не трэба лішні раз падганяць і заахвочваць.  Нашыя камбайнеры імкнуцца стаць тысячнікамі. У бліжэйшы час, упэўнена, яны дасягнуць пастаўленых мэт.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *