У гаспадарках раёна працягваецца сяўба азімага рапсу і свірэпіцы.
Сёлетняе жніво прынесла земляробам нямала выпрабаванняў. З-за неспрыяльнага надвор’я зрушыліся тэрміны ўборкі, таму на мінулым тыдні на палетках працавалі не толькі збожжаўборачныя камбайны, але і пасяўныя агрэгаты. Сяўба азімага рапсу і свірэпіцы працягваецца і зараз. Гаспадаркам раёна неабходна пасеяць 5130 і 970 гектараў гэтых алейных культур адпаведна.
У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” пад азімы рапс адведзена 400 гектараў. На палях працуе адзін трактар з пасяўным агрэгатам, якім кіруе вопытны механізатар Аляксей Яловы (на здымку). На раніцу пятніцы ён пасеяў 245 гектараў.
— У дзень засяваю каля 40 гектараў, — расказвае Аляксей. — Працую на МТЗ-3522, трактар трэці сезон у полі. Пакуль тэхніка не падводзіць, работа спорыцца. У бліжэйшыя дні даведзены план выканаем.
У пасяўную кампанію разам з Аляксеем Аляксандравічам хутка ўключыліся і іншыя механізатары. Ворыва праводзіў Уладзіслаў Ляпіч, на культывацыі глебы былі задзейнічаны Павел Капскі і Мікалай Гулякевіч. Іван Кавальчук займаўся ўнясеннем калійных і фосфарных удабрэнняў.
— Розныя віды работ прыходзіцца праводзіць адначасова: такая адметнасць сёлетняга жніўня, — адзначае галоўны аграном гаспадаркі Дзяніс Адзярыха. — У гэтым годзе сеем новыя гатункі насення азімага рапсу “Вітаўт” і “Імпульс”. Спадзяемся, што вясной з іх атрымаем добры ўраджай. 1,5 тоны насення гатунку “Імпульс” купілі ў ЭБ “Зазер’е”.
Рапс і свірэпіца традыцыйна з’яўляюцца пачынальнікамі азімай сяўбы. Пасля гэтых раслін земляробы прыступяць да сяўбы збожжавых. ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” трэба пасеяць 1350 гектараў азімых збожжавых. Пасяўная плошча ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 100 гектараў. На іх хутка будуць расці пшаніца, трыцікале і жыта. Насенне эліты для сортааднаўлення закупяць у бліжэйшы час. Зараз паляводы гаспадаркі займаюцца падрыхтоўкай азімай пшаніцы: насенне гэтай культуры першым будзе пакладзена ў зямлю.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.