Ідзе сяўба азімых

Восеньскія дні робяцца ўсё карацейшымі,  аднак клопатаў у  земляробаў у гэтую пару не становіцца менш. Хутка пачнецца ўборка кукурузы на сілас. Цяпер  на парадку дня — азімая сяўба.

Актыўна пачалі сеяць азімыя збожжавыя ў ААТ “Ражджэственскае-агра”.  Азімы клін у гаспадарцы складаюць 420 гектараў пшаніцы і 480 гектараў трыцікале.

Барыс Саўчык.

Барыс Саўчык.

Гэтыя культуры сеюць вопытныя механізатары  Сяргей Бункевіч і Пётр Данчанка. Насенне ім падвозіць Анатоль Котаў. Аднак на гэтым тыдні сейбіты былі вымушаны рабіць перапынкі ў працы: працяглыя дажджы не дазвалялі выехаць на палі.

— Мы стараемся выкарыстаць кожны пагодлівы момант. Да 25 верасня плануем справіцца з сяўбой, — расказвае галоўны аграном Ганна Фінская. — Сеем сваё насенне,  падрыхтоўкай якога займаюцца машыністы КЗС Уладзімір Малішэўскі і Валерый Шайкоў.  Таксама для сорта-змены і сортаабнаўлення  закупілі насенне эліты ў эксперыментальнай базы “Натальеўск”, з якой працуем не першы год. 

Сейбіты Сяргей Бункевіч і Пётр Данчанка за плячыма маюць вялікі вопыт работы. Для іх сезон азімай сяўбы пачаўся ў жніўні. На палетках ужо можна ўбачыць зялёныя ўсходы рапсу (300 гектараў) і свірэпіцы (50 гектараў).  Механізатары самі рыхтавалі глебу на тых палях, дзе цяпер вядуць сяўбу збожжавых.

Першым на палі пасля  заканчэння жніва выехаў Максім Вераскоўскі. Ён праводзіць ворыва.

Максім Вераскоўскі.

Максім Вераскоўскі.

— У гаспадарцы працую з 2000 года. Задзейнічаны на ворыве і прасаванні саломы, — гаворыць Максім Іванавіч. — Нядаўна гаспадарка набыла трактар “МТЗ- 1523”. На новай тэхніцы  заўсёды прыемна працаваць. Стараюся перавыконваць норму: за дзень заворваю ў сярэднім 12-15 гектараў.

Барыс Саўчык гэтымі днямі ўносіць мінеральныя ўдабрэнні. 

На мехдвары свайго часу да выхаду ў поле чакаюць кормаўборачныя камбайны. Убіраць кукурузу на сілас будуць  Іван Бакунчык і Валерый Раўтовіч. Аднак адзін з камбайнаў ужо задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў: штодзень у гаспадарцы вядзецца ўборка зялёнай масы кукурузы і шматгадовых траў на падкормку жывёле. Працуе на  камбайне  Валерый Раўтовіч, а на адвозцы — Вячаслаў Смаляк і Сяргей Лаўрыненка.

 ААТ “Ражджэственскае-агра” дапамагаюць  прадпрыемствы раёна. На палетках сельгасарганізацыі працуюць людзі і тэхніка УП “Жылцепласэрвіс” КГ і ААТ “Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод”. 

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *