Земляробы ПСУ “Рудзенскае” закладаюць аснову будучага ўраджаю.

Вадзіцель Андрэй Яноўскі і механізатар Ігар Блашко.

Вадзіцель Андрэй Яноўскі і механізатар Ігар Блашко.

Штодзень у  раёне павялічваецца агульная колькасць плошчы, засеянай азімымі збожжавымі культурамі. Сяўба ў шматлікім спісе палявых работ займае прыярытэтную пазіцыю.

Актыўна   закладваюць  аснову  будучага  ўраджаю земляробы  ПСУ  “РудзенскаеУПМінскметрабуд”.   Азімы клін тут складае 800 гектараў.   Гэтымі днямі на 350 гектарах вядзецца  сяўба азімай пшаніцы.

Такая адказная справа, як сяўба, у гаспадарцы цалкам ускладзена на плечы  Ігара Блашко. І восенню, і вясной ён заняты гэтай работай. Восьмы сезон Ігар Сямёнавіч працуе ў адным звяне з Андрэем Яноўскім, які задзейнічаны на  падвозе  насення.

Раней за сейбітаў у поле выязджае малады механізатар Павел Крывашэяў. Ён праводзіць ворыва.  Мы сустрэліся з аратым на мехдвары раніцай. Ён праводзіў апошнія прыгатаванні перад выездам на поле.

— Трэба абавязкова праверыць агрэгат, каб падчас работы не здарыліся  непрыемныя сюрпрызы,  —  гаворыць  Павел. — У гаспадарцы працую трэці год. Прыйшоў сюды па накіраванні пасля  заканчэння  Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Тэрмін адпрацоўкі скончыўся, аднак я вырашыў застацца.

Павел Крывашэяў.

Павел Крывашэяў.

Павел пастаянна задзейнічаны на ворыве. Сваю норму ворыва ў 25 гектараў у дзень выконвае. У бліжэйшы час  да гэтага віду работ далучыцца яшчэ адзін механізатар.

Пасеяць азімыя культуры трэба якасна: гэта адзін з гарантаў добрага ўраджаю.  Унясеннем мінеральных удабрэнняў  займаецца  Анатоль  Сёмін. Іван Паддубоцкі быў задзейнічаны на прасаванні саломы.

Асаблівую ўвагу агранамічная  служба  гаспадаркі  надае севазвароту.

— Уважліва сочым за чаргаваннем сельскагаспадарчых культур на нашых палетках. Азімы рапс — выдатны папярэднік для збожжавых. Гэтая алейная культура ў нас расла на 237 гектарах. Рапс убралі, правялі лушчэнне іржышча і пачалі сеяць азімую пшаніцу, — расказвае галоўны аграном Васіль Васюцінскі. — На астатніх палях папярэднікам  для  пшаніцы  сталі  бабовыя  культуры.  У  зямлю  закладваем  сваё насенне  гатунку  “сюіта”.  Для сортааднаўлення набылі  8 тон насення  эліты гатунку “канвеер”.

Для сортазмены набылі таксама 10 тон  насення эліты азімага трыцікале  гатунку “імпульс”. Пад трыцікале ў сельгасарганізацыі  адведзена 450 гектараў.  Сеяць гэтую культуру плануюць  на цяперашніх  кукурузных  палях. 358  гектараў, на  якіх  пакуль  гаспадарыць  “каралева  палёў”, пачнуць убіраць у бліжэйшы час.

На асобных  палях арганізавана ўборка камянёў,  якія перашкаджаюць земляробам.

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *