Сяргей Ляшчынскі — у ліку тысячнікаў у раёне.

1 (копия) 2На працягу ўборачнай кампаніі мы ўважліва сачылі  за вынікамі раённага спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў. Побач з імёнамі перадавікоў абавязкова ўказвалі маркі транспартных сродкаў. Інфармацыя гэта не другасная: зразумела, што на больш сучасных камбайнах працаваць лягчэй.  

Аднак дасягнуць высокіх вынікаў можна і не на самай новай  тэхніцы. У ліку тысячнікаў у раёне — камбайнер ААТ “Племянны завод “Індустрыя” Сяргей Ляшчынскі (на здымку). Свае 1292 тоны збожжа  ён  намалаціў  на  камбайне “Дон-1500 Б”.

Такія “Доны” ўсё радзей можна ўбачыць на палетках раёна. На змену ім у асноўным прыйшлі айчынныя КЗС-1218 “Палессе”,  некаторыя гаспадаркі набылі нямецкія  “Лексіёны”  і  “Мегі”.   Сяргей Ляшчынскі, можна сказаць, прыхільнік  “Донаў”:  пастаянна ўбірае ўраджай толькі на камбайнах гэтай маркі.

— “Доны” мне падабаюцца сваёй вынослівасцю, нягледзячы на тое, што ў кабіне не так камфортна, як у іншых камбайнах,  — расказвае Сяргей Сяргеевіч.  — “Дон-1500 Б”, на якім працую цяпер, 2006 года вытворчасці. Пяты сезон на ім убіраю збожжа. Безумоўна, як і многім хлебаробам, мне б хацелася сесці за руль “Лексіёна”. Пакуль такой магчымасці няма. Буду  працягваць  працаваць на “Доне”.

Упершыню ў статусе хлебароба Сяргей Ляшчынскі апынуўся ў 2004 годзе, тады быў памочнікам камбайнера ў Руслана Каралько. У той час цяперашні перадавік  працаваў у сферы камунальнай гаспадаркі, на перыяд жніва яго камандзіравалі ў “Індустрыю”.

— Убіраць ураджай спадабалася. Пасля заканчэння першага жніва былі думкі:  хутчэй бы скончылася зіма. Можаце ўявіць, як мне зноў хацелася на палеткі,  — працягвае Сяргей Сяргеевіч.  — У 2005 годзе я сам сеў за камбайн і з таго часу штогод працую  на жніве. Праз тры гады ўладкаваўся ў сельгасарганізацыю на пастаянную працу. Атрымаў  жыллё.

Чацвёрты     год     Сяргей    Ляшчынскі ўбірае ўраджай без памочніка. Сёлета за дзень мінімальна намалочваў каля  40  тон, максімальна — больш за 80 тон. Доўгіх прастояў не было. Здараліся мелкія паломкі, ад якіх ніхто не застрахаваны, аднак  за гадзіну  іх удавалася ліквідаваць.  Напярэдадні адказнай пары жніва механізатар патраціў нямала сіл і часу на якасную падрыхтоўку тэхнікі.

Цяпер ён ставіць камбайн на захоўванне. Хутка “Дон” накіруецца ў гараж чакаць наступнага  сезона  ўборкі, а Сяргей  Ляшчынскі  будзе задзейнічаны на адвозцы  зялёнай  масы кукурузы.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *