Сям’я Каваленка — вясковыя інтэлектуалы.

viber image1 (копия)На мінулым тыдні ў Копылі прайшоў абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла-2017”.  Ён аб’яднаў 19 сем’яў з цэнтральнага рэгіёна. Наш раён на конкурсе прадставіла сям’я Каваленка з  аграгарадка Сітнікі.

Пра сваю дружную сям’ю Валерый і Наталля расказалі журы падчас этапу “Візітная картка”. Гаспадар працуе галоўным інжынерам у ААТ “Агра-сімвал”, жонка — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Ражджэственскае-агра”. Разам яны выхоўваюць дзвюх дачок — Дану і Маргарыту.

Наталля Каваленка — выдатная гаспадыня. Стол на Пухавіцкім падворку быў застаўлены шматлікімі стравамі і прысмакамі. Асабліва членам журы спадабаўся кабачковы  пірог  і самаробны квас.

Адзначылі суддзі і выставу творчых работ сям’і Каваленка. Цікавыя вырабы з бісеру падрыхтавала дачка  Дана.

Спрыт, сілу, камандны дух, інтэлектуальныя навыкі  сем’і прадэманстравалі  падчас наступных этапаў конкурсу. У Валерыя і Наталлі з лёгкасцю атрымалася вязаць венікі, пілаваць і складаць дровы, запрагаць і распрагаць каня, праходзіць этапы спартыўнай эстафеты.

У ліку пераможцаў “Уладара сяла” аказаліся сем’і з Копыля, Узды і Клецка. Нашы землякі сталі самай інтэлектуальнай сям’ёй і перамаглі ў намінацыі “Інтэлектуалы сяла”. Яны атрымалі заслужаныя падарункі ад арганізатараў конкурсу і раённага камітэта ГА “БРСМ”. Гэтая маладзежная арганізацыя разам з Голацкім сельскім домам культуры і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама дапамагалі  сям’і Каваленка рыхтавацца да конкурсу.

Валерый і Наталля не першы раз удзельнічалі ў такім мерапрыемстве. Ёсць у  іх сямейнай скарбонцы дасягненняў і перамога на раённым конкурсе. Уладарамі сяла яны станавіліся ў 2012 годзе.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *