1кастрычніка — Дзень настаўніка.

Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова ўручае грамату настаўніцы

Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова ўручае грамату настаўніцы пачатковых класаў Свіслацкай СШ Алене Хурс.

 

Ці здзівіць каго-небудзь той факт, што прафесійнае свята, прысвечанае педагогам, адзначаюць у больш чым 120 краінах свету? Напэўна, усё ж можа здзівіць. Але толькі хіба тым, што колькасць краін магла б быць значна большай, бо ўявіць наша жыццё без педагогаў сёння проста немагчыма. Менавіта настаўнік з самага маленства закладвае падмурак для станаўлення будучага прафесіянала. Менавіта настаўнік не толькі дае веды, але і фарміруе некаторыя рысы характару, якія застануцца з чалавекам на ўсё жыццё. Менавіта настаўнік раскрывае таленты і здольнасці дзяцей, прыкладаючы намаганні для іх фарміравання і развіцця. Таму настаўніцкае свята, галоўнае свята восені, так ці інакш закранае амаль усё грамадства.

— Дзякуючы настаўнікам мы набываем веды, рэалізуем свае таленты, знаходзім сваё месца ў жыцці, — адзначыла,  віншуючы педагогаў на раённым свяце ў гонар Дня настаўніка, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова. — Таму працу гэтую  немагчыма пераацаніць.

Юбіляр - настаўнік пачатковых  класаў  Марьінагорскага НПК Ніна Шывякова - і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Лабанава.

Юбіляр — настаўнік пачатковых класаў Марьінагорскага НПК Ніна Шывякова — і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Лабанава.

Наталля Анатольеўна шчыра пажадала педагогам раёна творчага натхнення, удзячных і дапытлівых вучняў, моцнага здароўя і поспехаў у працы, а таксама ўручыла граматы старшыні раённага выканаўчага камітэта. Імі была адзначана праца трэнераў Мар’інагорскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Ігара Абакунчыка і Армена Джанумяна. Ігар Іванавіч за апошнія 5 гадоў падрыхтаваў 10 чэмпіёнаў і прызёраў рэспубліканскіх першынстваў, больш за 50 пераможцаў і прызёраў абласных спаборніцтваў. Армен Арцюшавіч выхаваў 11 майстроў спорту па грэка-рымскай барацьбе. А ў гэтым годзе яго вучань стаў пераможцам першынства Рэспублікі Беларусь.

Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу Наталля Анатольеўна ўручыла педагогу-арганізатару Мар’інагорскай СШ №4  Аксане Брывач (заняла 2 месца ў абласным конкурсе «Суперважаты»), настаўніку пачатковых класаў  Мар’інагорскай  СШ №2  Алене Курылавай (яе вучні сталі лепшымі ў абласным фестывалі школьнікаў «Я—даследчык»),  намесніку  дырэктара  Мар’інагорскай СШ №2 Наталлі Хадыка (кіруе валанцёрскім атрадам «Добрыя сэрцы»), настаўніку пачатковых класаў Свіслацкай СШ Алене Хурс (шмат гадоў паспяхова займаецца з дзецьмі даследчай дзейнасцю), трэнеру-настаўніку Мікалаю Чэпелаву, які падрыхтаваў чатырох кандыдатаў у майстры спорту, пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе.

Ветэраны педагагічнай працы.

Ветэраны педагагічнай працы.

Са святам настаўнікаў раёна павіншавала і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Лабанава. Яна падкрэсліла майстэрства і паспяховасць работы настаўнікаў, якія працуюць у адукацыйных установах горада і раёна, пажадала далейшых поспехаў і заваявання новых вяршынь, а таксама ўручыла граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму лепшым педагогам раёна. Сярод узнагароджаных — кіраўнікі навучальных устаноў, выхавальнікі дашкольных устаноў адукацыі, педагогі-дэфектолагі, псіхолагі, педагогі дадатковай адукацыі. І, вядома, настаўнікі-прадметнікі.

Цырымонію ўзнагароджання працягнула старшыня райкама прафсаюза  работнікаў   адукацыі і навукі Таццяна  Шавель, якая ўручыла граматы дырэктару Дрычынскай  СШ  Святлане  Багачовай, намесніку дырэктара Мар’інагорскай гімназіі Жанне Кароль і начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяне Лабанавай.

Цёпла павіншавала ўласнымі вершамі сваіх калег па прафесіі, ветэранаў працы, былы дырэктар Мар’інагорскай гімназіі Ала Ралькевіч, якая сёння ўзначальвае раённы савет  ветэранаў  педагагічнай працы.

Трэнеры Армен Джанумян і Ігар Абакунчык.

Трэнеры Армен Джанумян і Ігар Абакунчык.

Святочную атмасферу, што панавала ў зале Палаца культуры, зрабілі яшчэ больш цёплай і радаснай артысты, якія выходзілі на сцэну. Праўда, артыстамі гэтыя людзі сталі на гадзіну. А так — гэта нашы ж настаўнікі і вучні, чый талент распаўсюджваецца далёка за сцены навучальных класаў. Ад душы парадавала сваім выступленнем група  клуба  вясёлых  і  знаходлівых  педагогаў  Мар’інагорскай СШ №2, Дар’я Нікіціна і Іван Смаляк, настаўнік музыкі Мар’інагорскай СШ №3 Ксенія Вашкевіч, танцавальны калектыў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», ансамбль  «Гранд» і  вакалісты  тэатра  Мар’інагорскай  СШ №2, педагогі  СШ №1  п. Дружны,  Аляксандра Карнейчык і вучні Мар’інагорскага НПК.

Настрой у настаўнікаў напярэдадні іх прафесійнага свята быў, я ўпэўнена, сонечным. Хай такім і застаецца на ўвесь новы навучальны год!

Алена    ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *