У вёсцы Маладнёва адзначылі дажынкі.

 

IMG-150325c0f8b04ec246bddbd53ceab8b1-VЦікава,  ці ёсць якая-небудзь сувязь паміж назвай вёскі і характарам яе жыхароў?  Вучоныя  гэтае пытанне пакуль не высветлілі. Але калі ўважліва прасачыць за  тымі, хто жыве ў вёсцы  Маладнёва Дукорскага сельсавета, то здагадка наконт уплыву аднаго фактара на другі беспадстаўнай не будзе.

Назва “Маладнёва” блізкая да слова “малады”. Менавіта з такім — маладым светаадчуваннем жывуць людзі ў самай маленькай вёсачцы на тэрыторыі Дукорскага сельсавета. У ёй 30 дамоў, 11 пастаянных жыхароў. Улетку тут  колькасць насельніцтва павялічваецца: прыязджаюць тыя, хто зімуе ў сталіцы. І тыя, хто жыве ў Маладнёве  пастаянна, і тыя, хто прыязджае ў госці, лічаць адзін аднаго аднавяскоўцамі. Незалежна ад узросту, яны актыўныя, неабыякавыя  да родных мясцін і, галоўнае, імкнуцца сябраваць адзін з адным і разам рабіць добрыя справы.

Напрыклад, па ініцыятыве Ларысы Мартыненка быў зроблены і ўсталяваны пры  дарозе паклонны крыж. Вяскоўцы заручыліся падтрымкай святара храма Святога прарока Іліі ў аграгарадку Дукора айца Аляксандра,  самі разабраліся, як правільна зрабіць крыж. Яго ўсталяванне стала падзеяй для вёскі, і на  асвячэнне крыжа, якое адбылося напачатку ліпеня, сабраліся амаль усе яе  жыхары.

У сям’і Наталлі і Мікалая Будзейка вельмі любяць музыку. І каля свайго падворка па суботах яны наладжваюць імправізаваныя канцэрты: выносяць на вуліцу апаратуру і запрашаюць  суседзяў паспяваць. Наталля і Мікалай нават напісалі гімн роднай вёскі.12

Валерый Міцкевіч вырашыў  абсталяваць для сваіх маленькіх аднавяскоўцаў  гульнёвую пляцоўку.  Яго дом знаходзіцца на ўскрайку вёскі, і побач з ім  раскінуўся луг,  прыдатны для такой справы.   Валерый Вячаслававіч звярнуўся ў сельскі выканаўчы камітэт і падзяліўся сваёй ідэяй. Разам усё абмеркавалі, зрабілі прыкладны эскіз пляцоўкі. А далей энтузіяст усё рабіў  з дапамогай аднавяскоўцаў Мікалая Будзейкі, Сяргея Бурака, Пятра Камісарава і Віктара Шуцько.  Як прызналася ў размове старшыня Дукорскага сельвыканкама Таццяна Савік, вынік па-добраму здзівіў: думалі, што каля вёскі з’явіцца невялікая пляцоўка, а вырас цэлы спартыўны гарадок. Валерый Міцкевіч разам са сваімі памочнікамі абгарадзілі футбольнае поле,  зрабілі валейбольную і баскетбольную пляцоўкі, падвясную дарогу, усталявалі футбольны більярд, стол для гульні ў настольны тэніс. А яшчэ пабудавалі дзве альтанкі, арэлі для малых, розныя прыстасаванні для гульняў.  Цяпер у гэтым месцы збіраюцца і дзеці, і дарослыя. Малых больш за ўсё цікавіць  падвясная дарога і хадулі, дарослых прывабліваюць валейбол і баскетбол.

Напрыканцы верасня маладнёўцы зноў сабраліся, каб адзначыць завяршэнне летняга сезона.  Свята сваё яны прымеркавалі да заканчэння збору ўраджаю на сваіх агародах і назвалі “Дажынкі ў вёсцы”. Рыхтаваліся да яго, як у іх заведзена, усе разам. Упрыгожылі пляцоўку:  зрабілі выяву бабулі з цюкоў саломы, якія пазычылі ў мясцовай гаспадарцы.  Актывісты для ўсіх жыхароў вёскі змайстравалі імправізаваныя вышыванкі:  сабралі белыя кашулі і ўпрыгожылі іх тканымі стужкамі з беларускім арнаментам. Сімвалам свята стаў вялікі каравай Святланы Каранёвай. А сведчанне таму, што жыхары вёскі добра папрацавалі ўлетку, можна было пабачыць на выставе “Восеньскі кірмаш”, на якую ўсе гаспадары прынеслі самыя вялікія экзэмпляры садавіны і гародніны, што выраслі на іх агародах.

Свята адкрыў гімн вёскі, які выканалі Наталля Будзейка і Ларыса Мартыненка. Затым успомнілі гісторыю. Старшыня Дукорскага сельвыканкама Таццяна Савік расказала, што  згодна перапісу 1921 года ў Маладнёве было 23 гаспадаркі і 103 жыхары.  У перыяд калектывізацыі вёска, разам з Галенбергам і Падліпкамі, увайшла ў склад калгаса “Ударнік”, а ў пасляваенныя гады стала часткай калгаса імя 16-ці чырвоных партызан. Той час памятаюць старажылы Кацярына Шуцько, Вольга Савіцкая, Надзея Важнік і Аляксандра Таболін. Іх шчыра віталі аднавяскоўцы. Як і Марыю Бурак і Аляксандра Пічуху, якія і сёння працягваюць працаваць, хаця і дасягнулі ўзросту, калі можна пайсці на заслужаны адпачынак.

Павіншаваць сваіх выбаршчыкаў прыехала дэпутат Дукорскага сельскага Савета Таццяна Шамко.

А затым вызначалі самых-самых. Напрыклад, у намінацыі “Самы малады жыхар вёскі” часцей за ўсё  вітаюць маленькіх дзетак.  Але, нажаль,  сярод пастаянных жыхароў вёскі Маладнёва такіх няма. І самым маладым  быў прызнаны Сяргей Бурак, якому споўнілася 40 гадоў. Але яго ўнук Аляксандр стаў самым маленькім сярод усіх дзетак, што прыязджаюць у вёску да бабуль і дзядуль. Віталі  сям’ю Тамары і Аляксандра Пічуха, якія выгадавалі  пяцёра дзяцей, і маладую сям’ю Лістапад, дзе выхоўваецца чацвёра дзетак. А затым вызначылі дом узорнага парадку. Такім  быў прызнаны дом № 15, і падарунак атрымала яго гаспадыня Ларыса Мартыненка. Наталля і Вячаслаў Будзейка былі адзначаны ў намінацыі “Захавальнікі спадчыны”. Яны беражліва захоўваюць разнастайныя самаробныя рэчы з вышыўкай і для сваіх аднавяскоўцаў зрабілі своеасаблівую выставу. А за адным са сваіх юных землякоў Кірылам Пічухам аднавяскоўцы прызналі права называцца “дырэктарам спартыўнага комплексу”. Кірыл дапамагае Валерыю Міцкевічу падтрымліваць парадак на арыгінальнай пляцоўцы і вельмі ганарыцца тым, што землякі прызнаюць яго справу важнай і патрэбнай.

Весялосці святу дабавіла выступленне народнага жартоўнага ансамбля “Сяброўкі” Дукорскага сельскага Дома культуры. А затым жыхары вёскі працягнулі свята за агульным святочным сталом.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *