СУП «Дукора-Агра» імкнецца да новых вяршынь.

Справа агульная

Дырэктар СУП «Дукора-Агра» Сяргей Дрозд.

Дырэктар СУП «Дукора-Агра» Сяргей Дрозд.

Толькі наперад! Здаецца, менавіта пад такім лозунгам жывуць і працуюць у  СУП “Дукора-Агра”. Гаспадарка пастаянна знаходзіцца  на перадавых пазіцыях у раёне. Пра гэта сведчыць і тое, што ў 2014 годзе менавіта Дукора прымала раённыя “Дажынкі”. А ў гэтым годзе на палях гаспадаркі прайшло раённае свята “Зажынкі”. Фактычна, першыя снапы новага ўраджаю былі звязаны на палях СУП “Дукора-Агра”. І яны аказаліся важкімі.

У гэтым годзе ў гаспадарцы  атрымалі зерневых па 50,2 цэнтнеры з гектара. Гэта самая вялікая ўраджайнасць у раёне. Усяго сабралі 10333 тоны. У разліку на адзін бала-гектар —  142 кілаграмы,  што на 20 кілаграмаў болей, чым у папярэднім годзе. Наогул зерня намалочана на 18,6 працэнта болей за мінулагодні вынік. Парадаваў у гэтым годзе і рапс, якога сабралі 445 тон. Гэта ў два разы болей, чым у мінулым годзе.

Плюсуюць у гаспадарцы і па іншых паказчыках. Бульбы накапалі 4210 тон, што на пяць працэнтаў болей, чым у папярэднім годзе.

За 8 месяцаў валавы надой склаў больш за  4300 тон. Станоўчая дынаміка і па прывагах буйной рагатай жывёлы. За ўсімі гэтымі поспехамі стаяць людзі.

Застаць у канторы кіраўніка сельгаспрадпрыемства Сяргея Дразда падчас уборачнай было складана. Ён з тых кіраўнікоў, якія ўпэўнены, што вынік любой справы залежыць  у вялікай ступені  ад таго, наколькі эфектыўна быў арганізаваны працэс. Зладжаная работа ўсіх служб  — заслуга кіраўніка.

Не будзе добрага ўраджаю, калі аб гэтым не паклапоціцца галоўны аграном. Сяргей Ракуцька, які займае гэтую пасаду ў СУП “Дукора-Агра”, заўсёды ў полі. Пад яго пільным наглядам праходзяць усе палявыя работы. І поспех гаспадаркі ў вырошчванні збожжа  —  гэта яшчэ і сведчанне яго прафесіяналізму.

Складана вырасціць добры ўраджай. Але не менш складана яго ўбраць і перавезці без страт.   Гэта была задача камбайнераў і вадзіцеляў, якія працавалі на адвозцы збожжа. Сярод камбайнераў у гэтым сезоне лепшыя вынікі ў Мікалая Крукоўскага, Сяргея Абразоўскага, Віктара Мялава, Сяргея Піталенкі. Сярод вадзіцеляў — у Аляксандра Давыдзенкі, Анатоля Крайко, Яўгена Крупнікава і іншых.

Падчас жніва 1741 тону збожжа (другі паказчык у гаспадарцы) перавёз вадзіцель ААТ “Машхарчпрад” Аляксей Максіменка. На палях гаспадаркі зерневыя ўбіраў і камбайн прадпрыемства. Наогул, як расказалі ў гаспадарцы,  ААТ “Машхарчпрад” аказвае вялікую дапамогу хлебаробам, і не толькі ў час уборачнай кампаніі.

З поля зерне новага ўраджаю трапляла на зернесушыльны комплекс. Яго падрыхтоўкай займаліся галоўны энергетык прадпрыемства Вячаслаў Гацман і аператары  Сяргей Бялко, Максім Крайко, Муразік Тараеў.  Была наладжана бесперабойная работа ўсёй сістэмы. А загадчык зернесушыльнага комплексу Надзея Аўчыннікава пільна сачыла за  тым, каб прасушанае зерне своечасова адпраўлялася на склад, а на тэрыторыі быў парадак. Дапамагалі ёй у гэтым і вадзіцелі, і эканамісты, і работнікі бухгалтэрыі, якія таксама знаходзілі час, каб папрацаваць на зернесушыльным комплексе.

Важная справа падчас жніва  была ў повара Кацярыны Пахомавай,   раздатчыцы абедаў Людмілы Шыкуць і вадзіцеля Ігара Габруся. Усіх, хто працаваў у полі, яны забяспечвалі гарачымі абедамі і вадой. Гэта дазваляла механізатарам не траціць час на тое, каб выехаць з поля і вярнуцца назад. Работнікі сталовай  таксама працавалі на ўраджай.

 

Ёсць тры тысячы!

Д-1Сёлета ў раёне  сярод  камбайнераў першым па намалоце збожжа стаў Мікалай Крукоўскі. Ён адзіны пераадолеў планку ў тры тысячы тон. Калі дакладней, то на сваім камбайне «Лексіён-560» механізатар намалаціў больш за 3250 тон зерня. Такога намалоту ў нашым раёне яшчэ не было.

Яго паказчык мінулага года  — 2100 тон. Мікалай Міхайлавіч прызнаваўся,  што тры тысячы было мэтай, якую ён паставіў перад сабой сёлета, і рады, што  змог гэтую планку пераадолець.

 

Прастояў не дапусцілі

Д-5У час жніва ў складзе розных рэйдавых груп некалькі разоў  давялося пабываць на машынным двары  СУП “Дукора-Агра”. Тады ён быў зусім пусты. Усе шэсць камбайнаў, якія мае гаспадарка, працавалі ў полі, і  назіраць за імі можна было толькі здалёк.

— Мы вельмі стараліся, каб  і камбайны, і аўтамашыны своечасова выязджалі ў поле, — гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства  Аляксандр  Барычэўскі. — Калі здараліся нейкія паломкі, хутка рамантавалі.  Часам неабходныя запасныя часткі знаходзілі за ноч. І зрабілі  галоўнае, што патрабавалася ад інжынернай службы — не дапусцілі прастояў.

Аляксандр Іванавіч расказваў пра сваю работу, і станавілася зразумелым, што гарачая пара  на яго ўчастку адказнасці не канчаецца ніколі. Без тэхнікі на сучасным сельгаспрадпрыемстве нікуды. Трактары, сеялкі, пагрузчыкі, прыстасаванні для ўнясення ўдабрэнняў, аўтамашыны, камбайны  — усё гэта павінна быць гатовым своечасова выйсці ў поле. Бо ў сельскай гаспадарцы сапраўды  дзень год корміць. Спазніўся на дзень пакласці зерне ў глебу альбо падкарміць расліны — і ўжо можаш не разлічваць на максімальны ўраджай.  Таму і імкнецца галоўны інжынер гаспадаркі рабіць усё, што ад яго залежыць, каб тэхніка людзей не падводзіла.

З працоўнай дынастыі

ДавыденкоУладзімір Давыдзенка  свой уклад у агульны каравай пачаў уносіць яшчэ ўвесну: ён працаваў  на падрыхтоўцы глебы да сяўбы на трактары МТЗ-3522  з культыватарам КРГ-6. І ў гэтай справе стаў адным з лепшых у раёне.

— Усе, хто рыхтаваў глебу, стараліся працаваць так, каб сеялка, што ішла следам, не прастойвала ніводнай лішняй хвіліны,  — расказаў Уладзімір Давыдзенка. —  Калі на поле прыязджалі адначасова, то стараліся зрабіць запас, а то і пазней затрымліваліся, каб сеялка ўранку адразу прыступала да работы.

Вось такі сакрэт поспеху:  думаць не толькі пра тое, што робіш сам, але і пра тое, як твая праца звязана з тымі, хто ідзе следам.

— Калі пайшоў на зямлю працаваць, то трэба аддаваць сябе справе поўнасцю, рабіць на ўсе сто працэнтаў, — кажа Уладзімір Віктаравіч. Гэтаму яго і братоў вучыў бацька, які, дарэчы, таксама працаваў у гаспадарцы. А  зараз  тут цэлая дынастыя Давыдзенка: браты Уладзімір, Аляксандр і Андрэй.  І па словах  тых, хто працуе побач, усе такія, што можна даручаць ім самыя адказныя справы.

У гаспадарцы не толькі Уладзімір у ліку перадавікоў. Аляксандр, напрыклад,  вызначыўся на жніве. Ён працаваў на перавозцы зерня ад камбайнаў і ў гаспадарцы перавёз больш за ўсіх — 1988,9 тоны.  Да дзвюх тысяч тон не хапіла зусім крышачку. Мабыць, таму, што ў гэты час даручалі яму і другую важную работу.  Але нягледзячы на мінус адзінаццаць тон,  на прадпрыемстве  яго ўшаноўвалі як двухтысячніка.

Малодшы Андрэй таксама падцягваецца за братамі.

На падкормцы раслін

Фролов-1Гэта  ў яго, мабыць, сямейнае: быць у ліку перадавікоў. Механізатар Сяргей Фралоў расказаў, што сам родам з Гомельшчыны, і яго бацька два разы станавіўся пераможцам  у вобласці па намалоце зерня, нават карову за гэта атрымаў у падарунак. І сам Сяргей на сваім папярэднім месцы працы таксама быў у ліку першых.

У СУП “Дукора-Агра” ён працуе тры гады. І тут не здае пазіцыі. У гэтым годзе вызначыўся  на ўнясенні мінеральных удабрэнняў. З марта па чэрвень на агракомплексе “Раса” Сяргей Фралоў выязджаў на палі. За дзень апрацоўваў па 100–150 гектараў пасеваў.

У сельскагаспадарчым цыкле няма работ, пра якія можна сказаць, што яны другарадныя. Вось і на ўнясенні ўдабрэнняў расслабіцца няма як. Па-першае, патрэбна не прапусціць тэрміны, калі падкормка прынясе найлепшую карысць раслінам. Па-другое, захаваць норму, каб карысныя рэчывы не ператварыліся ў смяротныя для раслін. Зразумела, што амаль усё ў гэтым плане залежыць ад  агранома-аграхіміка Аляксандра Кротава, які пастаянна сачыў за падкормкай раслін.  Справа механізатара — дасканала выканаць яго даручэнні. Працавалі адной камандай і заслужылі добрую адзнаку.

Наталля Пархомчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *