ААТ “Агра-Абярэг” знаходзіцца на шляху канцентрацыі вытворчасці.

З году ў год адкрытае акцыянернае таварыства “Агра-Абярэг”   па ўсіх відах сельскагаспадарчых работ у ліку лепшых гаспадарак раёна.  Тут склаўся дружны працавіты калектыў, які больш за 20 гадоў  узначальвае  Пётр Казак. Пётр Васільевіч — вопытны таленавіты кіраўнік, сапраўдны гаспадар на зямлі. Ён мае шматлікія ўзнагароды за працу, занесены на Дошку гонару Пухавіцкага раёна.

Кіраўнік гаспадаркі Пётр Казак.

Кіраўнік гаспадаркі Пётр Казак.

Пётр Казак  прыйшоў у сельгаспрадпрыемства, калі там  пачыналі займацца аўцаводствам. Працаваў на розных пасадах:  загадчыкам фермы, інжынерам па працаёмкіх працэсах, прарабам. І задаволены, што прайшоў  гэтую школу, бо з часам давялося вырашаць нямала сур’ёзных  задач, і набыты вопыт вельмі спатрэбіўся.

З 2005  года плошча  гаспадаркі  вырасла ў тры разы за кошт  зямель былых суседніх гаспадарак “Сяргеевічы”, “Азярычына”, “Навапольскі”.  Пётр Васільевіч адзначае, што  па сваіх характарыстыках лепшымі былі азярычынскія землі. На сяргеевіцкіх прыйшлося нямала папрацаваць,  і гэта дало свой вынік. Калі напачатку ўраджайнасць зерневых на былых сяргеевіцкіх палетках складала 20 цэнтнераў з гектара, то сёлета атрымалі  30 цэнтнераў.

Галоўны інжынер Артур Сачок і галоўны заатэхнік Наталля Таранчэнка.

Галоўны інжынер Артур Сачок і галоўны заатэхнік Наталля Таранчэнка.

У гэтым годзе  дудзіцкія  хлебаробы  ўбралі зерневыя на плошчы 2500 гектараў. З улікам азімага рапсу, сурэпіцы і насенных траў плошча ўборкі склала 3260 гектараў. Намалочана 10783 тоны зерня ў бункернай вазе. Прададзена дзяржаве 2,5 тысячы тон. Ураджайнасць склала 42,7 цэнтнера з гектара (у мінулым годзе — 38,2 цэнт-нера  з гектара).  На першы погляд можна парадавацца, аднак кіраўнік гаспадаркі лічыць, што былі выкарыстаны не ўсе рэзервы. Па яго меркаванні,  ураджайнасць магла скласці каля 45 цэнтнераў з гектара.

— Не сакрэт, што надвор’е сёлета не надта спрыяла хлебаробам, — гаворыць Пётр Васільевіч. — Па праўдзе кажучы,  да выхаду ў поле мы нават не спадзяваліся на такі ўраджай. Аднак зярнят хоць і менш было ў каласах, яны аказаліся больш буйнымі і важкімі. Лепш за іншыя культуры ўрадзіла  азімая пшаніца (45 цэнтнераў з гектара). Не менш магло б даць і азімае трыцікале, аднак атрымалі 42 цэнтнеры з гектара.

Механізатар Васіль Брандт.

Механізатар Васіль Брандт.

На жніве працавала 10 камбайнаў. Нагрузка на камбайн была немалая. І таму стараемся  трымаць камбайнавы парк.  Выводзіць тэхніку з абароту можна толькі  калі  набылі новую.

Восем механізатараў у нас сёлета намалацілі па тысячы тон. Па тысячы, але не па тры, як змог камбайнер  СУП “Дукора-Агра” Мікалай Крукоўскі або Міхаіл Саладуха з агракамбіната “Ждановічы”, намалот якого склаў 6 тысяч тон. Лічу, што кожны з нашых механізатараў  таксама мог стаць лідарам, але чамусьці не сталі. Хоць і праблем вялікіх  у час жніва  не было. Кожны камбайнер у першую чаргу павінен быць зацікаўлены сам: з самай раніцы і да позняга вечара быць на полі. І ведаць гэта поле, бачыць, які загон пачаць раніцай, які пакінуць на вечар. Тады і вынікі будуць другія.

Вадзіцель Сяргей Бялевіч.

Вадзіцель Сяргей Бялевіч.

Мікалай Ляпешка, Мікалай Паўлоўскі, Уладзімір Асіпук, Анатоль Савіч, Уладзімір Пакроўскі, Сяргей Лабус — патэнцыяльныя кандыдаты быць лідарамі.  І хочацца спадзявацца, што так і будзе. Да гэтага трэба імкнуцца.

Сёлета ў гаспадарцы ўпершыню пасадзілі цукровыя буракі. Яны займаюць плошчу  150 гектараў. Справа няпростая, але цікавая і выгадная. Аднак сутыкнуліся  з праблемай тэхнічнага забеспячэння працэсу вырошчвання і ўборкі гэтай культуры. Патрэбен раёну свой камбайн, ды і з адвозкай ёсць праблемы. І ўсё ж, як гавораць  у народзе, “вочы баяцца, а рукі робяць”. Зараз у гаспадарцы якраз ідзе ўборка цукровых буракоў.

Механізатар Алег Галавасты.

Механізатар Алег Галавасты.

Кіраўнік гаспадаркі  бачыць недахопы ў рабоце і не баіцца пра іх гаварыць. Зрабіў Пётр Васільевіч акцэнт на тым, што сёлета зацягнулі тэрміны ўборкі траў, і гэта  аказала ўплыў на іх ураджайнасць. А вынік работы ў раслінаводстве адгукнецца ў  жывёлагадоўчай  галіне, якая прыносіць  асноўны даход гаспадарцы.

Па прывагах  на адкорме буйной рагатай жывёлы  ў гэтым годзе дасягнуты прырост 130 працэнтаў. Пагалоўе ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 730 галоў. А за  паўтара года — на 1500 галоў. Зараз пагалоўе ў гаспадарцы складае 4532 галавы.

Старшы аператар зернесушыльнай устаноўкі Аляксандр Антончык.

Старшы аператар зернесушыльнай устаноўкі Аляксандр Антончык.

— Мы  паставілі для сябе задачу ўтрымліваць на адкорме 1100 бычкоў. Старшыня райвыканкама  падштурхнуў да гэтага. Сяргей Дзмітрыевіч Ленкавец дапамог фінансава правесці рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Мы адрамантавалі ферму ў  Ленінску, Крыстамполлі і паставім там 400 бычкоў.  Плануем пабудаваць у Дудзічах жывёлагадоўчы комплекс і закрыць невялікія фермы, якія прыносяць шмат праблем і  не даюць добрага выніку.

— Стварыць добрыя ўмовы адно.  Праблемы пачынаюцца ў полі, а не на ферме,— лічыць кіраўнік. Каб жывёла не хварэла, патрэбен не толькі  добры догляд, а ў першую чаргу —  кармы добрай якасці.

З трывогай гаварыў Пётр Васільевіч аб вытворчасці малака ў гаспадарцы.  Сярэдні надой на карову ў суткі тут складае 15 кіла-грамаў малака. Наталля Жыцько на ферме Грабень ужо паўтара года атрымлівае па 20 кілаграмаў малака  ў суткі ад кожнай каровы.

Аператар машыннага даення Наталья Жыцько.

Аператар машыннага даення Наталья Жыцько.

— Задача — павялічыць надоі, — гаворыць Пётр Васільевіч. —  Суседзі з Мінскага раёна атрымліваюць па 19-20 кілаграмаў малака ад каровы. Мы пакуль адстаём. Трэба працаваць над паляпшэннем прадуктыўнасці жывёлы, кармавой базы, мяняць адносіны людзей да работы. Гэта адзін з галоўных фактараў. Развіццё жывёлагадоўлі прынясе грошы,  дасць магчымасць у будучым набыць новую тэхніку, будаваць жыллё, вырашыць іншыя пытанні.

Важнай лічыць кіраўнік работу  з  маладымі кадрамі.

—  Моладзь павінна верыць у свае сілы, не баяцца  самастойна прымаць рашэнні. У нас працуюць перспектыўныя маладыя спецыялісты. Галоўны інжынер Артур Сачок, галоўны бухгалтар Марына Шайкова, галоўны заатэхнік Наталля Таранчэнка. Ёсць вопытныя спецыялісты, такія як галоўны аграном Раіса Есімчык. А, значыць, ёсць у каго вучыцца.

Я шчыра ўдзячны працаўнікам гаспадаркі за  адданасць роднай зямлі, за той уклад, які кожны уносіць у нашу агульную  справу. Наперадзе ў нас новыя задачы, планы, і я хачу пажадаць усім поспехаў у іх дасягненні. А ў асабістым жыцці — здароўя, шчасця і дабрабыту.

Вольга  САВАСЦЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *