МТК “Новае Сяло” сельгасфіліяла “Дрычын” — лепшая ферма ў гаспадарцы.

Двойчы на дзень — на ранішнюю і вячэрнюю дойкі — спяшаецца  ўвесь калектыў аператараў машыннага даення малочнатаварнага комплексу “Новае Сяло” сельгасфіліяла “Дрычын”. Каля ўваходу на комплекс шляхі жанчын разыходзяцца: адны ідуць на даільна-малочны блок, другія — на звычайную ферму.

Дзе лягчэй і прасцей працаваць — пытанне спрэчнае. Аднак ці варта шукаць на яго адказ, калі ідзеш на любімую працу? Зладжаны і старанны калектыў МТК “Новае Сяло” і вынікі паказвае адпаведныя: сёння гэта лепшая ферма ў гаспадарцы.

Вераніка Абакунчык і Марына Глазава.

Вераніка Абакунчык і Марына Глазава.

Аператары машыннага даення Вераніка Абакунчык і Марына Глазава працуюць на звычайнай ферме. У іх групах — па пяцьдзясят кароў. Рагулям ідзе другі год, маладыя кароўкі радуюць добрымі надоямі. Хутка для жывёл пачнецца зімова-стойлавы перыяд, у іх рацыёне будзе больш кармоў і дабавак.

— На ферму я прыйшла паўгода таму. Мне тут падабаецца, ведаю ўсіх сваіх рагуль,  да кожнай патрэбны асабісты падыход, — расказвае Вераніка Абакунчык. — Для мяне гэта праца не складаная. Мае бацькі таксама працуюць у сельскай гаспадарцы, на гэтай жа ферме жывёлаводам працуе муж.

Марына Глазава прыйшла на комплекс амаль дзесяць гадоў таму. Прыкладам у працы для яе стала маці,  якой дачка дапамагала на ферме з дзяцінства.

—  Спачатку я  даглядала цялят, пасля стала аператарам машыннага даення. Не магу адназначна сказаць, дзе больш падабаецца працаваць. І зараз у вольныя хвіліны стараюся да цялят падбегчы, — расказвае Марына.  — Працы нашай трэба аддавацца поўнасцю, інакш не будзе вынікаў. Зараз мы на добрым узроўні, і здаваць свае пазіцыі нікому з нас не хочацца.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *