Пухавіччане прынялі ўдзел ў суботніку.

 

Работнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: настрой працоўны.

Работнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: настрой працоўны.

Субота перадсвяточная была афіцыйным працоўным днём. Але многія пухавіччане ў гэты дзень вытворчыя пытанні сумясцілі з удзелам у суботніку па добраўпарадкаванні горада.

Справа гэта патрэбная і важная — так лічыць большасць з тых, хто не паленаваўся, узяў у рукі граблі і ўнёс свой асабісты ўклад у тое, каб горад стаў больш чыстым.

Калектыў раёна электрасетак.

Калектыў раёна электрасетак.

— Мы ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на наш заклік аказаць дапамогу ва ўборцы горада і населеных пунктаў раёна, — кажа Ірына Зянько, намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ. — Прыемна было чуць ад многіх кіраўнікоў, што іх працоўныя калектывы гатовы выйсці на суботнік і пад-трымаць ініцыятыву па навядзенні парадку напярэдадні зімы. І на справе пухавіччане адпрацавалі добрасумленна, якасна.

Самы вялікі аб’ём работы, вядома ж, выканалі камунальнікі. Яны не толькі працавалі на рабочых месцах (прыбіралі падвалы, рамантавалі жылфонд, цеплатрасы), але і выйшлі на ўборку лістоты.

Кіпела работа ў гарадскім парку.

Кіпела работа ў гарадскім парку.

 

Прыбіралі ва ўсіх населеных пунктах раёна — у горадзе, у Блоні, Дружным, Свіслачы, Габрыелеўцы, Дубраўцы, Пухавічах.  Лістоту вывозілі на спецыяльна адведзеныя месцы на палігоне.

Горад у суботу выглядаў ажыўлена. У парку Новай Зары раніцай шматлюдна было не ад дзяцей, а ад тых, хто выйшаў на суботнік.  Прадстаўнікі РУП «Белтэлекам», вузла сувязі, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сумеснымі сіламі прыбралі немалую тэрыторыю парка.

Ля мемарыяльнага комплексу 8-й танкавай дывізіі працавалі воіны-спецназаўцы. Уздоўж цеплатрасы ў Новай Зары ўдарна наводзілі парадак камунальнікі з кацельні №2, якіх каля гандлёвага цэнтра «Хельсінкі» падтрымалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Камунальнікі памножылі колькасць дрэў у Блоні.

Камунальнікі памножылі колькасць дрэў у Блоні.

Работнікі камбіната хлеба-прадуктаў выйшлі на «сцежку здароўя» і ў здаровым працоўным парыве знайшлі работу для сваёй тэхнікі.

Працаўнікі завода жалезабетонных вырабаў у другой палове суботняга дня прыбралі тэрыторыю каля помніка Токараву.

У гарадскім парку працаваў шматлікі дэсант, які складаўся з супрацоўнікаў раённага выканаўчага камітэта, работнікаў культуры (яны працавалі таксама і каля палаца культуры), раёна электрасетак, ЗАТ «Струнныя тэхналогіі» і іншых. Работа па-сапраўднаму кіпела ў руках энтузіястаў, і тэхніцы прастойваць не давялося.

У суботні дзень не толькі прыбіралі апалае лісце, але і памнажалі колькасць дрэў. Займаліся гэтым у Блоні. Камунальнікі добраўпарадкавалі сквер, дзе пасадзілі кусты і дрэвы.

Працуюць камунальнікі.

Працуюць камунальнікі.

Суботнік атрымаўся даволі маштабным. Горад стаў значна чысцейшым. Гэта радуе. Дзякуй кожнаму, хто пастараўся для гэтага, але аказаўся незаўважаным. Праўда, засмучае тое, што на гарадскіх вуліцах не ўдалося заўважыць актыўнага руху з боку прадстаўнікоў прыватнага бізнесу. Магчыма, хтосьці яшчэ ўспомніць пра тое, што варта навесці парадак на прылеглай тэрыторыі. Але ж ёсць і такія, хто лічыць, што род дзейнасці іх прадпрыемства (арганізацыі ці гандлёвай кропкі) не мае нічога агульнага з навядзеннем парадку ў горадзе. Калі шчыра, то не хочацца нават шукаць логіку ў гэтай пазіцыі: не бачу абсалютна ніякіх супрацьпаказанняў да мінімальнай грамадска карыснай працы, якая толькі дадае павагі да самога сябе.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *