Пачала працаваць выстава “На шляху ад Пцічы да Махоўкі” Фёдара Ладуцькі.

DSCN6876 (копия) 2“На шляху ад Пцічы да Махоўкі” — так называецца  творчая выстава мастака Фёдара Ладуцькі, якая пачала працаваць у  мастацкай  галерэі  раённага  краязнаўчага  музея.  На яе адкрыццё  аўтар прыехаў разам са сваімі сябрамі па творчым аб’яднанні “Абуджэнне” — мастакамі   Андрэем Лычкоўскім і Яўгенам Шунейкам. На сустрэчу з творцамі прыйшлі работнікі культуры, члены гарадской ветэранскай арганізацыі  і прыхільнікі мастацтва, якія проста зайшлі ў галерэю і трапілі на цікавае мерапрыемства.  

Як выдатны прафесійны мастак Фёдар Ладуцька сфарміраваўся ў Мінску, дзе скончыў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, а затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі  інстытут.  Але  крыніца  яго  натхнення — Пухавіччына. Тут ён нарадзіўся і правёў дзяцінства на маляўнічых берагах Пцічы ў вёсцы Махоўка. І менавіта тут ён на  ўсё  жыццё  ўлюбіўся  ў  беларускі пейзаж.

Разам з членамі творчага аб’яднання “Абуджэнне” Фёдар Сяргеевіч аб’ехаў усю Беларусь.  Яе сельскія краявіды, архітэктурныя помнікі,  рэкі і азёры  — на карцінах мастака. Свае работы ён  падараваў  музеям. Вось і ў мастацкай   галерэі  нашага краязнаўчага  музея знаходзіцца  калекцыя яго карцін.DSCN6880 (копия)

З сярэдзіны 2010 года Фёдар Ладуцька сумяшчае шматлікія вандроўкі па Беларусі з паездкамі па розных паўднёва-еўрапейскіх краінах Адрыятычнага ўзбярэжжа: Грэцыі, Італіі, Харватыі і Чарнагорыі. Адтуль ён прывёз цэлыя серыі  натурных   замалёвак, частку якіх упершыню вырашыў паказаць на персанальнай выставе ў Мар’інай Горцы. Так што пухавіччане сталі першымі, хто зможа ацаніць новыя творы мастака.

На  правах  сябра і  калегі ўдзельнікаў мерапрыемства   з  асаблівасцямі  творчасці  Фёдара  Ладуцькі   пазнаёміў   Яўген  Шунейка  — прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат  мастацтвазнаўства. Па яго словах, Ладуцька валодае мяккай манерай жывапісу. І тое, што ўразіла яго на Адрыятыцы, ён намаляваў неяк па-беларуску,  так, як  ён  піша  родныя  краявіды  — камерна, мякка і цёпла.

Сам Фёдар Сяргеевіч прызнаўся, што малюе толькі тое, што кладзецца на душу і на сэрца. Ён лічыць, што сучасны беларускі мастак павінен  быць адкрывальнікам новых мясцін і матываў, якія ўзбагачаюць уяўленні гледача аб  блізкім  і  далёкім  свеце. Але   самыя   галоўныя   ўражанні і адкрыцці заўжды чакаюць мастака на роднай зямлі, адкуль пачынаюцца першыя сцяжынкі ў жыцці. Гэта галоўная тэма выставы, якая прапануе ўвазе  гледачоў прыклад  сучасных  пошукаў  і  дасягненняў у пейзажным жывапісе.

Наталля   ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *