Зямля аддзячыць земляробам.

 

Каб зямля аддзячыла вясковым рупліўцам добрым ураджаем, клопаты пра яго пачынаюцца заўсёды загадзя. Вясна, здаецца, прыйдзе не хутка, аднак пра яравую сяўбу земляробы дбаюць з восені. Унясенне мінеральных удабрэнняў, узняцце зябліва — асноўныя віды работ у гэту пару. Таксама зараз гаспадаркі займаюцца вывазам  і ўнясеннем арганікі. Арганічныя ўгнаенні лічацца найбольш таннымі і каштоўнымі для павышэння ўрадлівасці глебы.

Вячаслаў Смаляк.

Вячаслаў Смаляк.

У ААТ “Ражджэственскае-Агра” нарыхтавалі 12700 тон арганічных угнаенняў. Гэтымі  днямі земляробы гаспадаркі вывозяць арганіку з малочнатаварных ферм “Ельнік” і “Баські”. Штодзень некалькі рэйсаў з ферм на палі робяць вадзіцелі Сяргей Лаўрыненка і Вячаслаў Смаляк. У пачатку сезона ў адным звяне з імі працаваў таксама вадзіцель Іван Гурскі.

— Арганіку вывозім на палі  з пэўнай перыядычнасцю.  Мінеральныя ўдабрэнні, як вядома, каштуюць нямала,  таму ў поўнай меры карыстаемся магчымасцю нарыхтоўваць арганічныя ўгнаенні, — расказвае галоўны аграном Ганна Фінская. — Зімаваць арганіка будзе на палях у буртах.  Вясной будзем заворваць яе напярэдадні сяўбы.

Для Сяргея Лаўрыненкі і Вячаслава Смаляка вываз арганікі — толькі адзін са шматлікіх відаў работ. Адначасова яны возяць кармы. У перыяд пасяўной кампаніі вадзіцелі  задзейнічаны на падвозцы зерня, у час жніва — на адвозцы збожжа.

Сяргей Лаўрыненка.

Сяргей Лаўрыненка.

Вялікая нагрузка кладзецца на адзін пагрузчык гаспадаркі, якім кіруе Віктар Шылец. На “Амкадоры” Віктар Рыгоравіч працуе чацвёрты год. З шасці да дзевяці гадзін раніцы ён раздае кармы жывёле на фермах. Пасля пачынаецца іншая работа: трэба загружаць у машыны арганіку, пілавінне або муку для падкормкі жывёлы. У такіх клопатах незаўважна пралятае ўвесь працоўны дзень.

На палях сельгасарганізацыі працягваецца ўзняцце зябліва. Восеньскім ворывам займаюцца Сяргей Бункевіч, Сяргей Ніпарко і Максім Вераскоўскі.

Штогод у гаспадарцы вядзецца вапнаванне кіслых глеб. Сёлета згодна з планам трэба апрацаваць крыху больш за 24 гектары. Гэты від работ выконвае мехатрад з ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.  Праца набліжаецца да завяршэння: засталося апрацаваць чатыры гектары.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *