Юбілейныя  “Каласавіны” прайшлі на Пухавіччыне.

Сёлета святкуецца 135-годдзе з дня нараджэння славутага беларускага песняра Якуба Коласа. Юбілейныя «Каласавіны» адзначылі ў многіх кутках Беларусі. Традыцыйна свята прайшло і на Пухавіччыне, бо шмат чаго яднае таленавітага пісьменніка з пухавіцкай зямлёй.

IMG_3759 (копия)У мінулую пятніцу ў вялікай зале раённага цэнтра культуры сабраліся вучні з розных школ раёна. Іх чакала сустрэча з малодшым сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам (на здымку).

Міхась Міцкевіч прыехаў разам з беларускімі  паэтамі  Алесем Камароўскім і Ганадам  Чарказянам.

Пачалося мерапрыемства з прагляду фільма, які расказваў, у якіх мястэчках Пухавіччыны  любіў бавіць час беларускі класік. Яшчэ цікавей было пачуць назвы знаёмых пухавіцкіх вёсак з вуснаў Міхася Міцкевіча. Міхась Канстанцінавіч распавёў вучням пра  тое, як развіваўся талент бацькі, і пра яго першы верш “Вясна”. Пасля на памяць прачытаў некаторыя вершы і эпіграмы Якуба Коласа.

Вікторыя Пунжаль.

Вікторыя Пунжаль.

Вершы Якуба Коласа перакладзены на многія мовы свету, але, як і ў арыгінале, гучаць заўсёды меладычна і непаўторна. У гэтым пераканаў усіх прысутных паэт Ганад Чарказян, які прачытаў верш “Мой родны кут” на сваёй роднай армянскай мове.

Алесь Камароўскі — зямляк Коласа — не першы раз прымаў удзел у пухавіцкіх “Каласавінах”. Алесь Адамавіч прачытаў свае вершы і прызнаўся, што ў роднай  вёсцы Мікалаеўшчына ён заўсёды знаходзіць творчае натхненне.

Удзельнікі віктарыны разам з гасцямі "Каласавін".

Удзельнікі віктарыны разам з гасцямі «Каласавін».

Лірычны настрой у “Каласавіны” дабавілі артысты Пухавіцкага РЦК і вучаніца сярэдняй  школы   №2  горада  Мар’іна  Горка Вікторыя Пунжаль. Віка — прызёр абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу   юных  чытальнікаў  “Жывая  класіка”. На свяце дзяўчына   прачытала  на  памяць урывак з паэмы “Новая зямля” “Раніца ў нядзельку”.

“Каласавіны” ў вучняў школ раёна асацыіруюцца з тэматычнай віктарынай, якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні свята.  Сёлета многія школьнікі таксама адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць. Граматы, падзякі і падарункі пераможцам віктарыны ўручыў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. Пасля  прыемнай   цырымоніі   ўзнагароджання  хлопцы  і дзяўчаты атрымалі аўтографы Міхася Міцкевіча і  зрабілі  фотаздымкі з сынам  славутага беларускага класіка.

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *