У сельгасфіліяле «Чырвоны май» снег работу не спыніў.
Добры падмурак пад будучы ўраджай — гэта своечасова і якасна праведзенае зяблівае (восень-скае) ворыва глебы пад яравыя культуры.
У сельгасфіліяле «Чырвоны май» гэтым традыцыйна займаюцца механізатары Анатоль Ліхадзіеўскі, Юрый Баешка, Сяргей Таранаў, Дзмітрый Прановіч і Ігар Касцецкі.
— У іх ёсць вопыт правядзення гэтых работ, што вельмі важна, бо менавіта перад зяблівай апрацоўкай глебы стаяць важныя задачы назапашвання і захавання вільгаці, барацьбы з засмечанасцю глебы, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Іна Андросік. — Падчас восеньскай апрацоўкі глебы заворваюцца таксама мінеральныя ўдабрэнні і арганіка.
Вядома, што ўвесну на ўзараным з восені полі хутчэй і прасцей праводзіць сяўбу. Таму многія гаспадаркі штогод пашыраюць плошчы для зяблівай апрацоўкі. Не выключэнне і СГФ «Чырвоны май». Пры плане 1444 гектара на раніцу панядзелка ў гаспадарцы было ўзарана 1554 гектара. Гэта зроблена з мэтай павелічэння пасяўных плошчаў і, адпаведна, ураджайнасці. Але дадзеная лічба не канчатковая: нягледзячы на тое, што ў панядзелак зіма нагадала аб сваім набліжэнні, на палях сельгаспрадпрыемства яшчэ працавала тэхніка.
На полі, прыцярушаным снегам, я сустрэла механізатара Сяргея Таранава. Ён працуе на энерганасычаным трактары і за адзін дзень можа ўзараць да 20 гектараў.
— У гэтым годзе ворыва праходзіць няпроста з-за дажджоў, — расказвае Сяргей. — У гаспадарцы землі ў асноўным нізінныя, таму рэдка атрымлівалася ўзараць усё поле цалкам: даводзілася выбіраць спачатку больш высокія месцы, а потым вяртацца на больш нізкія.
Снег, як кажа, Сяргей Таранаў, — не мароз і ворыву не моцна пера-шкаджае. А вопыт дапамагае механізатару ўпэўнена весці па полі тэхніку, пазбягаючы тых месцаў, дзе можна загразнуць.
Не адняць вопыту і ў Ігара Касцецкага (дарэчы, аднаго з лепшых у раёне механізатараў, занятых на ўнясенні ўдабрэнняў). У Ігара Касцецкага трактар не такі магутны, як у калегі, якому Ігар прыехаў дапамагчы. Таму ў дзень механізатар можа ўзараць 10-12 гектараў поля.
— На восеньскім ворыве задзейнічаны да першых маразоў будзе таксама і Дзмітрый Прановіч, — кажа Іна Андросік.— Я ўпэўнена, што работа будзе выканана якасна, таму што працуюць на палетках добрасумленныя, адказныя і вопытныя механізатары.
Алена ШАНТЫКА.