У ААТ «Аграсімвал» чацвер дзень асаблівы — санітарны.

АленаБаганец і Алена Халадок.

АленаБаганец і Алена Халадок.

Навядзенне чысціні і парадку на аб’ектах жывёлагадоўлі з’яўляецца абавязковым санітарным патрабаваннем у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Выконваць яго работнікі ферм і комплексаў павінны штодня ў працэсе працы. Аднак, нягледзячы на гэта, для ўсіх жывёлагадоўчых калектываў раёна ўстаноўлены адзіны санітарны дзень, які праводзіцца кожны тыдзень з мэтай выканання дадатковых мерапрыемстваў па навядзенні санітарнага парадку на рабочых месцах.

У ААТ «Аграсімвал», як і ў іншых гаспадарках раёна, такім днём абвешчаны чацвер. У мінулы чацвер я пабываў на малочнатаварным комплексе «Бор», каб паглядзець, якія работы вядуцца ў гэты дзень.

Таццяна Вейккалайнен і Валянціна Крывіцкая.

Таццяна Вейккалайнен і Валянціна Крывіцкая.

Работнікі даільна-малочнага блока ўжо гадзіну, як скончылі ранішнюю дойку. Каля ўваходных дзвярэй прыйшлося спыніцца і старанна выцерці абутак: плітка на падлозе была чыста вымыта. Аператары машыннага даення Алена Баганец і Алена Халадок заканчвалі ўборку даільнай залы. І хоць нядаўна тут пабывала больш за 160 кароў, вакол было чыста.

— Сёння запланавана чыстка пліткі на сценах і падрыхтоўка металічнай агароджы да афарбоўкі ў месцах, дзе стала з’яўляцца іржа, — паведаміла начальнік МТК «Бор» Сафія Рымша.

Трэба прызнаць, што выконваць санітарныя патрабаванні ў абкладзеным пліткай і спецыяльнай гумай на падлозе даільна-малочным блоку не так складана, як у памяшканні, дзе даенне кароў ажыццяўляецца прама там, дзе яны ўтрымліваюцца.

Наталля Еляшэвіч і Святлана Бузэ.

Наталля Еляшэвіч і Святлана Бузэ.

На суседняй малочнатаварнай ферме ранішняя дойка таксама завяршылася. Аператараў машыннага даення я застаў ужо не з даільнымі апаратамі ў руках, а са скрабкамі, шчоткамі, анучамі… Таццяна Вейккалайнен і Валянціна Крывіцкая чысцілі сцяну і бялілі яе наноў, а Наталля Еляшэвіч і Святлана Бузэ мылі трубы малака-правода.

— На нашых жывёлагадоўчых фермах у абавязковым парадку кожны чацвер праводзіцца санітарны дзень, — расказвае галоўны заатэхнік ААТ «Агра-сімвал» Кацярына Уласень. — Работы ў гэтым плане заўсёды нямала: разабраць і памыць абсталяванне, пачысціць, падбяліць, падфарбаваць сцены, дзверы, вокны… Наводзіцца парадак і ў бытавых памяшканнях, на тэрыторыі фермы прыбіраецца смецце. Трэба адзначыць, што за санітарны дзень жывёлаводам выдзяляецца даплата ў памеры 10 рублёў, а таксама дадаткова за пабелку і іншыя работы, на выкананне якіх складаюцца акты.

Кацярына Мікалаеўна прызналася, што падтрымліваць санітарны парадак жывёлаводам было б значна лягчэй, калі б былі заасфальтаваныя дарогі, якія вядуць да фермаў.

Андрэй  МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *