У ААТ “Племянны завод “Індустрыя” самыя высокія тэмпы росту надояў у раёне.

 

Сёлета ў ліку сельгасарганізацый раёна, якія забяспечваюць павелічэнне надояў у параўнанні з мінулым годам, знаходзіцца ААТПлемянны заводІндустрыя”. За 11 месяцаў бягучага года ў гэтай гаспадарцы атрымана 3374 тоны малака, што на 818 тон больш, чым у адпаведным перыядзе 2016 года. Ад кожнай каровы надоена на 672 кілаграмы малака больш, чым летась. Гэта самыя высокія тэмпы росту надояў у раёне. Аднак па саміх аб’ёмах  вытворчасці малака ААТ “Племянны завод “Індустрыя” яшчэ знаходзіцца на ўзроўні ніжэй сярэдняраённага.  Гэта тлумачыцца нізкай эфектыўнасцю работы жывёлагадоўчага цэха гаспадаркі, што назіралася ў апошнія гады. Што паўплывала на змяненне дынамікі вытворчасці малака ў станоўчы бок?

Жывёлаводы Раіса Сакольчык, Іна Радкевіч, Ірына Храловіч.

Жывёлаводы Раіса Сакольчык, Іна Радкевіч, Ірына Храловіч.

З гэтым пытаннем я звярнуўся да загадчыцы малочнатаварнай фермы “Блонь” Вольгі Цэгла. Яна адказала лаканічна: “Новы кіраўнік, іншыя падыходы…”

Па яе словах, больш увагі ўдзяляюць  навядзенню парадку на фермах, асабліва ў плане працоўнай дысцыпліны. Палепшылася і якасць травяністых кармоў, якіх нарыхтавана на зіму дастаткова.

У плюсавых паказчыках работы фермы (сярэдні надой ад каровы павялічыўся сёлета на 132 працэнты) адлюстроўваецца і стараннасць жывёлаводаў, такіх як старэйшая ў калектыве даярка Таццяна  Федарынчык, Аляксандр Ружыцкі, які нядаўна прыйшоў працаваць аператарам машыннага даення,  цялятніцы Раіса Сакольчык, Іна Радкевіч, Ірына Храловіч, якія даглядаюць маладняк, жывёлавод Алег Ціханаў і іншыя.

Таццяна Федарынчык.

Таццяна Федарынчык.

Дырэктар ААТ Племянны завод “Індустрыя” Ілля Змачынскі лічыць, што патрэбны яшчэ час і нямала намаганняў, каб наладзіць вытворчасць малака ў гаспадарцы на дастойным узроўні.

— Неабходна максімальна выкарыстоў-ваць такія фактары поспеху ў жывёлагадоўлі, як якаснае кармленне жывёлы, забеспячэнне належных умоў яе ўтрымання і эфектыўная племянная работа, — адзначае Ілля Уладзіміравіч. — Так, у працэс кармлення жывёлы ўнесены карэктывы згодна з рэкамендацыямі спецыялістаў абласной і раённай заатэхнічных служб.

Перад тэхнікамі-асемянатарамі Андрэям Дудзінскім, Ірынай Сімаковіч і жывёлаводамі, якія даглядаюць  маладняк, пастаўлена задача забяспечыць эфектыўнасць работы па аднаўленні дойнага статку з мэтай замены хворых і нізкаўдойных кароў на высокапрадуктыўных. З гэтай задачай яны паступова спраўляюцца. За 11 месяцаў года  атрымана 1273 галавы прыплоду, што на 172 галавы больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. У дойны статак уведзена 339 нецеляў, што амаль у паўтары разы больш леташняга.

Андрэй   МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *