Дэпутаты прынялі ўдзел у абласных спаборніцтвах.

1385У Нясвіжы нядаўна прайшлі абласныя спаборніцтвы сярод дэпутатаў Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Спартыўныя старты былі прысвечаны 80-годдзю з дня ўтварэння Мінскай вобласці.

Удзел у дэпутацкай спартакіядзе прынялі больш за 80 чалавек. Сярод самых спартыўных дэпутатаў былі і пухавіччане: у Нясвіж паехала каманда ў складзе дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў Алены Пархімчык і Уладзіміра Губарэвіча, а таксама дэпутата Свіслацкага сельскага Савета дэпутатаў Ігара Зіятдзінава (на здымку).

— Такое мерапрыемства праводзілася ўпершыню, — расказвае галоўны санітарны ўрач раёна і дэпутат Алена Пархімчык. — Галоўная яго мэта — прапаганда здаровага ладу жыцця. Дэпутаты павінны быць прыкладам для іншых людзей у тым, як актыўна і з карысцю для здароўя можна праводзіць вольны час.

Улічваючы той факт, што мужчынская частка пухавіцкай каманды — людзі спартыўныя ўжо па родзе сваёй прафесійнай дзейнасці, пухавіччане прынялі ўдзел ва ўсіх стартах: спаборнічалі ў дартсе, настольным тэнісе, боў-лінгу, більярдзе, плаванні, стральбе з пнеўматычнай  вінтоўкі, міні-футболе. Выключэннем сталі толькі спаборніцтвы па падняцці гіры: тут патрэбна спецыяльная падрыхтоўка.

Спартакіяда, адзначаюць нашы дэпутаты, прайшла цудоўна, на адным дыханні. Перамагчы,  безумоўна, хацелі ўсе. Але першымі сталі прадстаўнікі раёна-гаспадара — нясвіжская каманда. Другое месца заняла каманда Салігорскага раённага Савета  дэпутатаў, трэцяе — Смалявіцкага.

Пухавіччане медалёў не заваявалі, але ўсё роўна з радасцю ўспамінаюць спартыўныя выхадныя, за час якіх атрымалі не толькі спартыўныя эмоцыі, але і выдатную порцыю сяброўскіх зносін. А таксама вопыт, які можа спатрэбіцца ў новых стартах…

Алена  ІВАНОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *