Ураджай залежыць ад насення.
Сяўба ў гэтым годзе даўно завершана. Пакуль пасяўныя агрэгаты чакаюць свайго наступнага сезону, актыўная падрыхтоўка да сяўбы-2018 вядзецца ўжо цяпер. Праверкай якасці насеннага фонду займаюцца ў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.
Работа над праверкай насення вядзецца круглы год. Цяпер спецыялісты правяраюць яравыя збожжавыя, зернебабовыя культуры і шматгадовыя травы. Узоры насення ад усіх сельгасарганізацый ужо паступілі ў інспекцыю. Патрэба гаспадарак раёна пад яравую сяўбу складае 3637 тон насення збожжавых і зернебабовых культур, шматгадовых траў — 121 тону. Лабараторны аналіз праводзяць аграном-аналітык Антаніна Сіпач і вядучы аграном Таццяна Кепець. Яны ацэньваюць узоры па шэрагу паказчыкаў, сярод якіх чысціня насення, вільготнасць, усходжасць, заражанасць хваробамі і шкоднікамі.
— Да пачатку палявых работ мы праверым увесь насенны фонд раёна — гэта каля 5 тысяч тон насення. На кожную партыю выдадзім пасведчанні аб якасці насення сельскагаспадарчых раслін. Калі нейкі ўзор не адпавядае патрабаванням, ён лічыцца некандыцыйным. Замест дазволу даём паведамленне, якое забараняе сяўбу гэтага насення. У такіх выпадках сельгасарганізацыя павінна дапрацаваць насенне і зноў прывезці да нас на аналіз, — гаворыць начальнік інспекцыі Наталля Булыга.
Насенная інспекцыя супрацоўнічае не толькі з усімі гаспадаркамі раёна, але і з прыватнымі арганізацыямі вобласці. Спраўляцца з вялікімі аб’ёмамі работ сваім невялікім калектывам тут ужо прывыклі. Стаж работы многіх супрацоўнікаў інспекцыі складае больш за 20 гадоў.
У перыяд з мая па чэрвень у інспекцыі будуць правяраць пераходзячы насенны фонд. А ў жніўні пачнецца лабараторны аналіз насення азімых культур. Патрэба гаспадарак пад азімую сяўбу складае 3301 тону насення.
Нараўне з якасным насеннем важны складальнік атрымання высокага ўраджаю — правільнае і своечасовае прымяненне сродкаў аховы раслін.
— Мы кантралюем забяспечанасць гаспадарак раёна сродкамі аховы раслін. У гэтым годзе ў сельгасарганізацыі паступіла амаль 93 тоны гэтых сродкаў. Усяго ўжыта амаль 100 тон: выкарыстоўвалі рэшткі пестыцыдаў з 2016 года, — адзначае намеснік начальніка інспекцыі Галіна Ярмак. — Ужо цяпер мы плануем, к олькі сродкаў аховы спатрэбіцца на наступны год, і з якімі прэпаратамі будзем працаваць.
Інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін цесна супрацоўнічае з агранамічнымі службамі сельгасарганізацый. Спецыялісты з абодвух бакоў сумесна імкнуцца дасягнуць адной мэты: добрых усходаў насення і атрымання высокіх ураджаяў.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.