Крокі ў прафесію маладых настаўнікаў.

Нягледзячы на тое, што пачынаць любую справу заўсёды няпроста, мы ўсе разумеем: без пачатку не бывае працягу. Гэтая  няхітрая формула  прымяняецца і да  маладых  спецыялістаў, якія пасля заканчэння вучобы прыходзяць на сваё першае месца працы, у свой першы працоўны калектыў, дзе трэба  будзе даказваць свой прафесійны ўзровень. Рабіць гэта заўсёды цікава, але не заўсёды лёгка, таму што веды — гэта яшчэ не вопыт…

Педагог-псіхолаг Свіслацкай СШ Ліліяна Якубовіч.

Педагог-псіхолаг Свіслацкай СШ Ліліяна Якубовіч.

Яго ва ўстановах адукацыі раёна патроху набіраюцца маладыя педагогі (37 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў папоўнілі сёлета раённы педагагічны калектыў). Вось ужо і другая навучальная чвэрць на зыходзе. Значыць, можна падвесці нейкія вынікі?

— Мы можам з упэўненасцю сказаць, што ўсе нашы маладыя спецыялісты паспяхова асвоіліся на сваіх працоўных месцах,  — гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Шастакова. —  Іх гасцінна сустрэлі ў калектывах  школ і дашкольных навучальных устаноў, замацавалі за кожным настаўніка-куратара, які мог бы пры неабходнасці аказаць дапамогу. Для  інфармавання моладзі, якая прыехала працаваць у наш раён, мы правялі традыцыйную сустрэчу з прадстаўнікамі банкаўскай  сферы, культуры і спорту, прафсаюзных арганізацый. Стараліся, каб усе ведалі пра свае правы, ільготы, магчымасці.

Прайшлі таксама для  маладых   настаўнікаў  і  адкрытыя   ўрокі,  якія  далі  вопытныя калегі.

Мы спадзяёмся, што моладзь хутка заявіць пра сябе з прафесійнага пункту  гледжання. Хаця гэта ўжо і адбываецца. Напрыклад, Вадзім Бяседзін, выпускнік Праўдзінскай СШ, у гэтым годзе вярнуўся ў жніўні ў родную школу ў якасці  настаўніка, а ў канцы верасня быў назначаны намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вось такі давер  выказалі ўчарашняму студэнту.

Нядрэнна  асвоіліся  і  маладыя спецыялісты  Свіслацкай  СШ.

— У гэтым годзе да нас прыйшлі настаўнік матэматыкі Марына Акуліч, біёлаг Вольга Радзюк і псіхолаг Ліліяна Якубовіч, — расказвае пра “папаўненне” дырэктар Свіслацкай СШ Таццяна Селівонец. —  Марына Акуліч  у свой час была ў нас на практыцы, пасля  якой  вырашыла   застацца. Значыць, ёй спадабалася ў нас. Мы бачым перад сабой перспектыўнага чалавека, здольнага пакарыць не адну вышыню разам  з  вучнямі.  Вольга   Радзюк адразу занялася са сваімі вучнямі даследчай працай. Вядуць яе сумесна з тэхналагічным універсітэтам. Гэта таксама сведчыць аб тым, што мы маем зацікаўленага настаўніка, які хоча ісці наперад.

Добрыя словы прагучалі і ў адрас педагога-псіхолага Ліліяны Якубовіч, якая з першых дзён акунулася ў працу з дзецьмі і бацькамі. Дыягностыка, прафарыентацыя,  трэнінгі з сем’ямі, якія  знаходзяцца ў  сацыяльна  небяспечным становішчы, гутаркі з дзецьмі,   якія   маюць   праблемы  са  зносінамі,  са   светаўспрыманнем…— работы хапае.

— Нам падабаецца той энтузіязм, з якім Ліліяна ставіцца да сваіх абавязкаў,  —   кажа  Таццяна  Рыгораўна. — Хацелася б і далей працаваць з гэтым спецыялістам.

Ліліяна,  ураджэнка   Любані, зусім  выпадкова апынулася ў Свіслачы.

— Ездзіла на працу з Мінска, стамлялася,  — дзеліцца думкамі Ліліяна. — Мне прапанавалі месца ў інтэрнаце (дарэчы, маладыя спецыялісты гэтай школы могуць разлічваць на такую дапамогу), але я вырашыла здымаць жыллё. Па калектыўным дагаворы мне даплачваюць за паднаём. Цяпер магу больш часу аддаваць працоўным пытанням.

З кожным днём і Свіслач становіцца для  Ліліяны ўсё больш знаёмай і блізкай. Гэтаму спрыяе тое, што ў калектыве пануе камфортная для моладзі атмасфера:

— Я адчуваю, што мяне паважаюць, з маім меркаваннем лічацца. І гэта надае ўпэўненасці і павялічвае жаданне  працаваць  з  аддачай…

Алена   ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *