На ферме ААТ “Зазерка” — новыя тэхналогіі.

Новыя тэхналогіі дазваляюць палепшыць вытворчыя вынікі ў розных  сферах дзейнасці. Жывёлагадоўля  — не выключэнне. Чарговыя крокі ў гэтым накірунку зрабіла ААТЗазерка”.

Загадчіца МТК "Зазерка" Наталья Давыдава.

Загадчіца МТК «Зазерка» Наталья Давыдава.

У адным з памяшканняў малочнатаварнага комплексу “Зазерка” выдзелілі месца пад радзільнае аддзяленне, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для паспяховага расцёлу жывёлы. Тут жа знаходзіцца домік для нованароджанага  цяляці.

— Нядаўна мы з калегамі наведалі адну з гаспадарак Мінскага раёна, дзе ўжо практыкуецца гэтая сістэма.   Такое ж радзільнае аддзяленне зрабілі і мы, — расказвае дырэктар гаспадаркі Андрэй Папельскі. — І вось прайшло зусім нямнога часу, аднак ужо можна сказаць, што шмат пытанняў з захаванасцю цялят знята.

Для кароў у радзільным аддзяленні створаны добрыя ўмовы.  Жывёла знаходзіцца ў індывідуальным памяшканні, што дазваляе пазбегнуць лішніх стрэсаў. Чысціню тэрыторыі забяспечваюць жывёлаводы, якія прыбіраюць пасля кожнага расцёла.

Вопытныя жывёлаводы добра ведаюць, што імунная  сістэма нованароджанага цяляці залежыць у тым ліку і ад малодзіва. Важна на працягу першай гадзіны з моманту нараджэння даць цяляці якаснае малодзіва. Яго якасць і  тэмпературу загадзя правяраюць спецыяльнымі прыборамі.  Пасля першага паення цялятка на дзве-тры гадзіны змяшчаюць у індывідуальны домік, затым — у агульны цялятнік.

Дырэктар Андрэй Папельскі.

Дырэктар Андрэй Папельскі.

Для кантролю за расцёламі на комплексе нядаўна ўсталявалі сістэму відэаназірання. Днём, калі ўсе  спецыялісты на месцы,  спрэчных  пытанняў па доглядзе за жывёлай звычайна не ўзнікае. Аднак расцёлы адбываюцца і ноччу, і тут важна, каб дзяжурны жывёлавод адказна ставіўся да сваіх абавязкаў і своечасова даў цяляці малодзіва.

— Кругласутачная сістэма відэаназірання — не толькі пытанне дысцыпліны, але і эканомікі. Здаровае цялятка пазбаўляе гаспадарку ад расходаў на медыкаменты, — працягвае Андрэй Станіслававіч. — Відэакамера працуе пастаянна і дазваляе сачыць за дзеяннямі ўсіх работнікаў. У любы момант са свайго камп’ютара  або пры дапамозе спецыяльнай праграмы на мабільным тэлефоне я магу паглядзець, як адбываўся расцёл, хто быў побач.

На МТК “Зазерка” чыстыя памяшканні, дагледжаная жывёла, адсутнасць  спецыфічнага паху.

Такі парадак на комплексе забяспечваюць  дзевяць чалавек. Агульнае пагалоўе разам з цялятамі на МТК складае 820 галоў. Старанна працуюць загадчыца комплексу Наталля Давыдава, цялятніца Вера Рамановіч, аператар машыннага даення Таццяна Куслій  і іншыя. Сярэднясутачны надой на карову на комплексе складае 17,8 кілаграма малака на адну карову. Зараз на МТК будуюць яшчэ адно памяшканне пад цялятнік.

Сваім  вопытам з прымяненнем новых тэхналогій кіраўніцтва гаспадаркі дзеліцца з іншымі сельгасарганізацыямі. На мінулым тыдні на МТК “Зазерка” адбыўся раённы семінар па развіцці  жывёлагадоўлі. Кіраўнікі гаспадарак,  заатэхнікі, ветурачы высока ацанілі новаўвядзенні зазерскіх жывёлаводаў і выказалі жаданне выкарыстаць гэты вопыт.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *